Пантонны мост у Наваполацку адкрылі для пешаходаў



У Наваполацку праз раку Дзвіна работнікі Пінскага цэнтра рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння «ЗУБР» МНС устанавілі пантонны мост. Сёння, 25 чэрвеня, яго адкрылі для пешаходаў, паведамілі ў Віцебскім абласным упраўленні МНС.

Пантонны мост ратавальнікі пачалі ўзводзіць 21 чэрвеня. Прыкладна за суткі яны справіліся з працай. Дарожныя службы ўладкавалі пад’язныя шляхі. Для дастаўкі і ўстаноўкі пераправы было задзейнічана 30 чалавек асабовага складу, 18 аўтамабіляў пантонна-маставога парку і цягач ЗІЛ-131 з катэрам БМК 150. Даўжыня моста складае 130 м.

Мост праз Дзвіну ў Наваполацку пабудавалі ў 1962 годзе, яго капітальны рамонт правялі 20 гадоў таму. Маніторынгі стану бяспекі канструкцыі праводзіліся штомесяц. Падчас аднаго з такіх у траўні бягучага года камісіяй былі выяўленыя дэфекты канструкцый, якія не неслі непасрэднай пагрозы жыццю людзей, аднак патрабавалі ўмяшання спецыялістаў. У гэтай сувязі Міністэрствам транспарту і камунікацый было прынята рашэнне аб закрыцці моста на рэканструкцыю.