Папа рымскі Францыск прызначыў Юзафа Станеўскага мітрапалітам Мінска-Магілёўскім



Папа рымскі Францыск 14 верасня прызначыў мітрапалітам Мінска-Магілёўскім біскупа Іосіфа (Юзафа) Станеўскага з узвядзеннем яго ў ступень арцыбіскупа, паведамляецца ў навінавым бюлетэні Залы друку Святога пасаду — прэс-службы Ватыкана.

У архідыяцэзію Станеўскі пераведзены з тытулярнай кафедры Табаікары (Алжыр) і з пасады дапаможнага біскупа Гарадзенскай дыяцэзіі.

Станеўскі стаў трэцім мітрапалітам Мінска-Магілёўскім пасля адраджэння касцельных структур у Беларусі 30 гадоў таму. Першым на чале кафедры быў кардынал Казімір Свёнтак (1991—2006), другім — арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч (2007—2021).

Да прызначэння Станеўскага архідыяцэзіяй на правах апостальскага адміністратара кіраваў біскуп Казімір Велікаселец, паколькі ў пачатку студзеня гэтага года папа Францыск прыняў прашэнне Кандрусевіча аб адстаўцы ў сувязі з дасягненнем 75-годдзя.

Юзаф Станеўскі нарадзіўся 4 красавіка 1969 года ў вёсцы Заневічы каля Гародні. У 1986 годзе навучаўся ў ваенна-тэхнічнай школе, у 1987—1989 гадах служыў у арміі.

У 1990 годзе адным з першых быў залічаны ў заснаваную ў тым жа годзе вышэйшую духоўную семінарыю ў Гародні. У дыяканы быў пасвячоны 8 снежня 1994 года, у святары — 17 чэрвеня 1995-га. У 1995—1996 гадах служыў у парафіі святога Вацлава ў Ваўкавыску (Гарадзенская вобласць).

У 1996—1999 гадах Станеўскі вучыўся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (Польшча), атрымаў ступень магістра кананічнага права.

У 1999 годзе стаў прэфектам і выкладчыкам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гародні. З 2000 года з’яўляўся суддзёй епіскапальнага суда ў Гародні, а з красавіка 2005-га — віцэ-афіцыялам гэтага суда.

З 2001 года — член святарскай рады Гарадзенскай дыяцэзіі. З чэрвеня 2005 года узначальваў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гародні.

12 сакавіка 2012 года папа Бенедыкт XVI адарыў Станеўскага тытулам капелана Яго Святасці. 29 лістапада 2013 года папа Францыск прызначыў Станеўскага дапаможным біскупам Гарадзенскай дыяцэзіі, тытулярным біскупам Табаікары. У біскупы яго пасвяцілі 1 лютага 2014 года.

У чэрвені 2015 года Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ) абрала Станеўскага генеральным сакратаром ККББ.

БелаПАН