Папа Рымскі: Лепш быць атэістам, чым крывадушным каталіком



Пантыфік асудзіў каталікоў, якія лічаць сябе вернікамі, але жывуць не па-хрысціянску.

Папа Рымскі Францішак заявіў, што лепш быць атэістам, чым адным са «шматлікіх» каталікоў, якія вядуць крывадушнае падвойнае жыццё.

«Столькі каталікоў паводзяць сябе такім чынам, — сказаў ён у чацвер падчас ранішняй імшы ў сваёй рэзідэнцыі ў Ватыкане. — Яны кажуць: я вельмі рэлігійны, я заўсёды хаджу на імшу, я належу да такой і такой суполкі».

Аднак, паводле пантыфіка, гэтым людзям трэба было б таксама прызнаць: «Я жыву не па-хрысціянску, я не плачу сваім работнікам годнага заробку, я эксплуатую людзей, я займаюся бруднымі справамі, я адмываю грошы, я вяду падвойнае жыццё».

Затым ён працытаваў меркаванне, якое яму часта даводзілася чуць: «Лепш ужо быць атэістам, чым быць такім каталіком».