Парады Таццяны Яфрэмавай, якая адужала каронавірус



Дызайнерка віцебскага футравага камбіната больш за 2 тыдні правяла ў інфекцыйным шпіталі і дагэтуль знаходзіцца на каранціне – але ўжо ў аддзяленні рэабілітацыі пад Віцебскам. 

29-га лютага яе накіравалі здаваць аналіз на каронавірус пасля вяртання з Італіі, дзе яна была ў працоўнай камандзіроўцы. Аналіз аказаўся станоўчы, хаця жанчына адчувала толькі сімптомы лёгкай прастуды.

Адбыўшы столькі часу ў ізаляцыі, Таццяна Яфрэмава пераканана, што каранцінныя захады могуць стрымаць распаўсюд хваробы, што кожны чалавек мусіць вельмі адказна ставіцца да тых, хто побач:

– Па тэлевізары кажуць, што каранцін не патрэбны. Усе людзі, здаецца, за каранцін. І я бачу, што ўсе краіны прадпрымаюць такія беспрэцэдэнтныя захады. Я хачу заклікаць, каб усе адказна ставіліся да сябе і да свайго здароўя. Банальна гучыць, але гэта перадусім адказнасць і за сваіх суграмадзян.

Таццяна Яфрэмава стала першай беларускай, у якой выявілі каронавірус, і  адзінай, чыё імя і прозвішча было названа ў СМІ.  Жыхарка Віцебска сама пагадзілася на гэта і не хаваецца ад увагі прэсы, хаця раней давала інтэрв’ю толькі ў якасці паспяховай дызайнеркі. Да слова, рэспіратары і маскі былі адным з аксесуараў калекцыі адзення, прадстаўленай летась Таццянай Яфрэмавай. Але яна кажа, што гэтая калекцыя – не пра пагрозу хваробаў ці экалагічных катастроф, а пра памкненне чалавека захаваць свой унутраны свет, не адкрываючыся кожнаму.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск

Усе фота прадастаўлены Таццянай Яфрэмавай