Параненага міліцыянтам менчука пакаралі „дамашняй хіміяй”



29-гадовы менчанін Андрэй Гаўраш, якога на Новы год параніў міліцыянер, прызнаны вінаватым у супраціўленні супрацоўніку міліцыі і прыгавораны да пяці гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову (так званая дамашняя хімія).

Прысуд абвешчаны 2 жніўня ў судзе Маскоўскага раёна Менска. Гаўраш вызвалены ў зале суда.

З-за таго што з 18 студзеня абвінавачаны ўтрымліваўся ў следчым ізалятары, у тэрмін пакарання яму залічаны час, праведзены ў СІЗА, з разліку адзін дзень пад вартай за два дні абмежавання волі.

Справа слухалася пад старшынствам суддзі Святланы Бандарэнкі, дзяржабвінавачанне падтрымлівала пракурор Алена Крупеніна. Падсудны віны не прызнаў.

Бойка паміж Гаўрашам і супрацоўнікам міліцыі Русланам Салаўёвым, які прызнаны пацярпелым, адбылася раніцай 1 студзеня. Ёй папярэднічала тэлефанаванне суседа Гаўраша ў міліцыю — мужчына скардзіўся на шум у кватэры.

Падчас судовага разбору абвінавачаны і пацярпелы па-рознаму трактавалі інцыдэнт. Салаўёў сцвярджаў, што Гаўраш быў п’яны, паводзіў сябе агрэсіўна, лаяўся, пагражаў, першы ўдарыў яго нагой, а затым працягнуў наносіць ўдары. Першы стрэл, паводле версіі міліцыянера, прагучаў, калі абвінавачаны паспрабаваў завалодаць яго табельнай зброяй. Завязалася барацьба — кожны цягнуў пісталет у свой бок. У выніку былі зробленыя яшчэ два адвольныя стрэлы. „Куды яны былі зробленыя, не магу сказаць. Далей Гаўраш пачаў асядаць ўніз, выйшлі людзі з кватэры. Я падняўся ўверх па лесвіцы, сказаў, каб ніхто не набліжаўся. Я баяўся за сваю бяспеку. Мне здавалася, яны ўсе былі ў нецвярозым стане”, — расказаў пацярпелы.

Абвінавачаны, у сваю чаргу, сцвярджаў, што не нападаў на міліцыянера — той нібыта няправільна зразумеў яго жэст. Гаўраш, паводле яго слоў, проста падняў руку ўгору, паказваючы на кватэру суседзяў, а затым хацеў дастаць з кішэні тэлефон. Падсудны сцвярджаў, што міліцыянер нанёс удар першым. „Я не ўтрымаўся на нагах, пачаў спіной валіцца ў тамбур. Спрабуючы ўтрымацца, схапіўся за яго. Потым машынальна выштурхнуў міліцыянера з тамбура. Ён адышоў на два крокі ў бок ліфта, я ў той момант ужо апынуўся за парогам і зноў палез у кішэню за тэлефонам. У гэты момант пачуўся стрэл”, — расказваў абвінавачаны.

Гаўраш таксама сцвярджаў, што ў навагоднюю ноч выпіў менш за бутэльку гарэлкі, аднак агляд паказаў наяўнасць у яго ў крыві 1,88 праміле алкаголю.

Паранены Гаўраш правёў у вайсковым шпіталі 17 дзён. Падчас лячэння да яго прыходзілі супрацоўнікі ЖЭСа, склалі пратакол за шум у кватэры, Гаўраш быў аштрафаваны на 350 рублёў. Са шпіталя мінчаніна даставілі ў следчы ізалятар, і ўвесь час да суда ён знаходзіўся пад вартай.

belapan.com