Парашэнка пра расследаванне забойства Шарамета



Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка выступіў за запрашэнне замежных спецыялістаў у склад следчай групы, якая расследуе забойства журналіста Паўла Шарамета. Пра гэта ён сказаў журналістам 4 жніўня пасля мерапрыемстваў з нагоды гадавіны стварэння Нацыянальнай паліцыі, паведамляе агентцтва „Интерфакс-Украина”.

„Мы сустракаемся і з следчымі, і з сваякамі. мы павінны зрабіць усё, каб і замоўцы, і выканаўцы былі прыцягнутыя да адказнасці…Мы з свайго боку, я з свайго боку зробім усё, каб забойцы былі знойдзены”, – сказаў Парашэнка.

Па яго словах, на сустрэчы з сваякамі Шарамета ён прасіў, „каб яны далі прапановы па запрашэнні замежнікаў у склад следчай групы”.

Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года ў Кіеве ў выніку выбуху машыны, якая належала сузаснавальніцы „Украінскай праўды” і яго грамадзянскай жонцы Алене Прытуле.

Следства разглядае пяць версій матываў забойства: прафесійная дзейнасць, забойства па памылцы (замест Прытулы), крытычныя публікацыі журналіста ў выданні „Украінская праўда” і выступы на „Радыё Весткі”, дэстабілізацыя сітуацыі ва Ўкраіне, а таксама канфлікты, якія датычылі асабістага жыцця Шарамета.

У чэрвені 2017 года старшыня парламенцкага камітэту па пытаннях свабоды слова і інфармацыйнай палітыкі Вікторыя Сюмар паведамляла, што ў рамках дасудовага расследавання ў справе Шарамета дапыталі больш 3000 чалавек, у тым ліку і відавочцаў выбуху, а таксама знялі відэазапісы з камер назірання.

У Камітэце абароны журналістаў заявілі, што будуць ініцыяваць міжнароднае расследаванне забойства Шарамета.

20 ліпеня спікер Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Арцём Шаўчэнка заявіў, што ў справе аб забойстве Шарамета да гэтай пары няма падазраваных.

Беларускае Радыё Рацыя