Парк 50-годдзя Кастрычніка ў Менску – пад пагрозай



У Менску апынуўся пад пагрозай парк 50-годдзя Кастрычніка. На гэтай тэрыторыі запланаваны нацыянальны футбольны стадыён, на будоўлю якога дадзены капітал з Кітаю.

Аднак супраць пілавання дрэваў выступіла група актывістаў, якія заяўляюць, што ў выпадку знішчэння парка раён Трактарнага завода з боку Партызанскага праспекта стане яшчэ больш нагадваць каменныя джунглі, а свежага паветра не стане. Першы канфлікт здарыўся яшчэ 29-га снежня. Дата невыпадковая – дзяржава імкнецца знішчыць парк пакрысе, не прыцягваючы ўвагі грамадскасці. Таму і быў абраны дзень, калі людзі займаліся падрыхтоўкай да свята, кажа адзін з актывістаў абароны парка – Ігар:

– Была зламаная шыльда, і актывісты прайшлі на тэрыторыю і спынілі бензапілы, то бок будаўнікі самі спынілі свае бензапілы. Пасля гэтага была выкліканая міліцыя. У нядзелю, прыкладна а палове на дзявятую ранкам, гэта 29 снежня, ужо працавала дзве бензапілы і не менш за 3-4 адзінкі тэхнікі, плюс чалавек 30-50 супрацоўнікаў «Зелянбуда», хутчэй за ўсё гэта субпадрадчык нейкі.

Фота за 29 снежня, падчас работ

Неўзабаве пасля падзей 29-га снежня работы былі спыненыя, па стане на вечар 3-га студзеня яны не аднавіліся. Аднак актывісты лічаць, што высяканне парку працягнецца пасля калядных вакацыяў.

Фота за 3-га студзеня, вечар, работы спыненыя

Цалкам  гутарку слухайце ў далучаным файле:

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фотаздымкі актывістаў абароны парка і Кастуся Багушэвіча