Парламент прыняў у другім чытанні змены ў антынаркатычны артыкул КК



Палата прадстаўнікоў 13 чэрвеня прыняла ў другім чытанні змены ў артыкул 328 Крымінальнага кодэкса. Яны прадугледжваюць зніжэнне на два гады ніжняй мяжы пакаранняў па частках 2 і 3 гэтага артыкула.

Па ч. 2 арт. 328 КК ніжнюю мяжу пакарання мяркуецца знізіць з пяці да трох гадоў пазбаўлення волі, па ч. 3 — з васьмі да шасці гадоў.

„Зніжэнне ніжніх межаў пакарання не з`яўляецца паблажкай для збытчыкаў наркотыкаў, але дазволіць судам прымяняць пакаранні ў больш шырокіх межах з улікам характару і ступені небяспекі ўчыненага дзеяння, з улікам асобы абвінавачанага”, — адзначыў член пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Багдановіч.

Пытанняў па законапраекце ў дэпутатаў не было. За яго прыняцце прагаласавалі 93 чалавекі.

Законапраект аб унясенні паправак у шэраг кодэксаў быў прыняты ў першым чытанні на вясновай сесіі 2018 года. Яны прадугледжвалі ў тым ліку зніжэнне на два гады ніжняй мяжы пакаранняў па частках 2 і 3 артыкула 328 КК. Аднак у снежні, пры разглядзе законапраекта ў другім чытанні, гэтыя папраўкі былі выключаныя. Як патлумачыў член парламенцкай камісіі па нацыянальнай бяспецы Васіль Чэкан, не ўдалося дасягнуць згоды пры ўнясенні паправак у гэты артыкул. „Таму мы прынялі рашэнне выключыць іх з прыманага сёння законапраекта і разгледзець іх пазней, у рамках іншага праекта закона”, — сказаў ён.

2 красавіка гэтага года — у дзень адкрыцця бягучай сесіі — група сваякоў асуджаных прыйшла да Дома ўрада, каб даведацца пра тэрміны разгляду дэпутатамі зменаў у антынаркатычны артыкул. Высветлілася, што Саўмін не ўзгадніў прапановы аб зменах у арт. 328 КК з-за пазіцыі МУС. У выніку было вырашана правесці сустрэчу рабочай групы з удзелам прадстаўнікоў МУС і сваякоў асуджаных па арт. 328. Пасяджэнне групы прайшло 10 красавіка, на ім прадстаўнікі ўрада паабяцалі прыняць рашэнне па гэтым пытанні на працягу 10 дзён, аднак гэтага не адбылося.

30 траўня родныя асуджаных зноў сабраліся каля Дома ўрада, каб падпісаць і перадаць у дзяржаўныя органы чарговы зварот. У ім гаварылася, што 24 мая прапанова па зменах арт. 328 уключаная ў пакет паправак у законы аб допінгу і экстрэмізме і накіраваная на ўзгадненне ў дзяржорганы. Сваякі заклікалі не зацягваць працэс узгаднення законапраекта, каб дэпутаты змаглі яго разгледзець на сесіі 13 чэрвеня.

З 11 чэрвеня ў вёсцы Востраў (Пухавіцкі раён) тры актывісткі ініцыятывы „Маці 328” абвясцілі бестэрміновую галадоўку. Яны патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, перагляду крымінальных спраў па наркатычных злачынствах і карэкціроўкі арт. 328 КК (усіх яго частак).

belapan.by