Пас Дамейка ў Дзятлаве: “Мы прыехалі ў краіну Дамейкі”



У чацвер, 3 жніўня, Дзятлаўшчыну наведалі тры праўнукі і адзін прапраўнук з Чылі, ЗША і Аўстраліі беларускага, польскага і чылійскага навукоўца-даследчыка, геолага, мінеролага, былога рэктара Чылійскага ўніверсітэта, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі (1802-1889). Разам з імі на Дзятлаўшчыну завіталі творчыя людзі Беларусі і журналісты.

Дамейкі спачатку наведалі Дзятлаўскі касёл найсвяцейшай Дзевы Марыі, а потым палац Радзівілаў. У Дзятлаве праўнучка Ігната Дварчаніна Пас Дамейка сказала, што “нам, здаецца, мы прыехалі не ў Беларусь, а ў краіну Дамейкі”.

З Дзятлава праўнукі Ігната Дамейкі завіталі ў двор-сядзібу Жыбартоўшчына, які знаходзіцца недалёка ад вёскі Засецце. У 1886 годзе Дамейка пісаў Ласковічу: “Не паверыш, як мне добра тут, у маім цёплым пакоіку, тым самым, у якім 60 гадоў таму доўгі час, пасля вяртання з Вільні, жыў і заўсёды вяртаўся да яго, шмат разоў прыязджаючы з Заполля да дзядзькаў… Здароўе служыць мне па-даўняму, па-старому. Хаджу ў Дзятлава на імшу, хаця і па балоце, у зімовых ботах, футрам падшытых, ем кожны дзень адборнае сквашанае малако, гарбату і добрыя яблыкі і грушы, і вельмі мала ўжываю напояў, затое і сплю належным чынам…”.

Цяпер двор-сядзіба ў Жыбартоўшчыне прыйшла ў заняпад, яна ў жахлівым стане. Такі двор і ўбачылі Дамейкі ў Жыбартоўшчыне.

Сустракалі Дамейкаў у Жыбартоўшчыне шчыра, уручылі ім падарункі на памяць аб сустрэчы, госці абыйшлі ўсю сядзібу, сфатаграфаваліся. Падчас сустрэчы ішла гутарка, каб неяк сумеснымі сіламі аднавіць двор-сядзібу Дамейкаў у Жыбартоўшчыне.  

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён

Фота аўтара