Паштоўкі палітвязням: акцыя гарадзенскай “Адметнасці”



Гарадзенская крама “Адметнасць” распачынае акцыю “Адпраў паштоўку палітвязню”.

Пра акцыю распавядае кіраўнік “Адметнасці”, грамадскі актывіст Сяргей Верамеенка:

– Любы ахвочы грамадзянін можа набыць паштоўку за любую суму, якую ён лічыць патрэбнай, каб гэтую суму потым мы пералічылі на карысць родных рэпрэсаваных беларусаў. Гэтую паштоўку можна будзе даслаць палітвязням. Калі што, адрасы палітвязняў у нас ёсць. Таму запрашаем усіх ахвочых прыняць удзел у вось такой акцыі салідарнасці.

Сяргей Верамеенка адзначае, што прадстаўнікі “Адметнасці” для акцыі выбралі адмысловыя ўнікальныя паштоўкі.

– Маем на дадзены момант каля 50 паштовак для распаўсюду. Гэта паштоўкі, якія намаляваў мастак Ян Мяльніцкі, вядомы мастак, які малюе падобныя паштоўкі. Яны такога натхняльнага характару, трошкі з гумарам, таксама патрыятычнай тэматыкі. Таксама ёсць 6 штук паштовак, якія намаляваў наш гарадзенскі мастак Яраслаў. Гэта паштоўкі ручной працы. Зразумела, на гэтыя паштоўкі мы наляпляем маркі для аплаты пошты, таму не трэба будзе рабіць ніякіх дадатковых выдаткаў.

Па словах Сяргея Верамеенкі, гэтая акцыя будзе адбывацца бестэрмінова, нягледзячы на электаральную кампанію ў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча