На гомельскіх журналістаў ціснуць праз сваякоў



На бацькоў гомельскай журналісткі-фрылансера Юліі Сівец ціснуць сілавыя органы. Найперш да яе мужа Міколы Бянько патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся міліцыянтам з АБЭП, але назваць імя, прозвішча і званне адмовіўся.

Потым я дазнаўся, што пакуль я размаўляў з гэтым чалавекам па тэлефоне, да бацькоў маёй жонкі прыйшлі невядомыя людзі з коркамі. Магчыма гэта АБЭП, магчыма іншая служба. Прыйшлі да пажылых людзей, да людзей, у якіх мы не жывем больш за 10 год, да людзей, якія зараз хварэюць на каронавірус і на самаізаляцыі знаходзяцца. Такім чынам, мы бачым, што самі міліцыянты па-наплявацельску ставяцца да здароўя людзей, да свайго здароўя. Іх начальства падвяргае іх жыцці небяспецы, калі адпраўляе да грамадзян хворых на каронавірус. Мы бачым поўны бардак у сістэме так званых праваахоўных органаў.

Па словах Міколы Бянько, сілавікі самі парушаюць законы, таму што па правілах павінны былі б зараз самі сесці ў самаізаляцыю як кантакты першага роўню. Як адзначае Мікола Бянько, на бацькоў яго жонкі склалі пратаколы.

– Распытвалі пра маю журналісцкую дзейнасць, якую я не хаваў і ніколі не хаваю. Распытвалі пра дзейнасць Беларускай асацыяцыі журналістаў, такое адчуванне, што Аль-Каіда нейкая, а не зарэгістраваная ў Мінюсце арганізацыя. Карацей, поўнае прававое сваволле і адсутнасць законаў. Я гэта расцэньваю, як ціск на маю сям’ю. Абуральна, што да заслужаных людзей прыходзяць, якія па 40 год адпрацавалі на гэтую краіну, маюць шмат узнагарод у сферы прамысловасці і сферы адукацыі. Але я разумею, у якой краіне я жыву. Тут, канешне, трэба ўсё мяняць. 

Нагадаем, у Гомелі, як і ў па ўсёй краіне сілавікі прыходзяць з вобшукамі да журналістаў недзяржаўных СМІ. Вядома пра ператрус ў кватэры Яўгена Меркіса, прайшлі ператрусы і ў журналістаў-фрылансераў Андрэя Толчына і Ларысы Шчыраковай, якія доўга не выходзілі на сувязь.

Беларускае Радыё Рацыя