Пасля разбурэння „Маскоўскага”



Роўна паўгода прайшло з дзён, калі ў літаральным сэнсе адбылося разбурэнне аўтавакзала “Маскоўскі”. Нягледзячы на 8 тысяч подпісаў пасажыраў з усіх куткоў Беларусі, сабраных “супраць”. Такім чынам, першая частка ўказа Лукашэнкі нумар 52 “Аб будаўніцтве шматфункцыянальнага комплекса” была выкананая.

Аднак дагэтуль на вызваленай пляцоўцы не пачалося абяцанага будаўніцтва 17-павярховага хмарачоса “Газпрама”, не рухаецца справа з транспартнай развязкай з вуліцы Філімонава на праспект Незалежнасці. Амаль спартовая роўная пляцоўка на месцы прыгажуна-вакзала, за які архітэктар Мікалай Навумаў атрымаў Дзяржпрэмію і 5 міжнародных узнагарод, прытоеная зараз ад старонніх вачэй парканам у два чалавечых росты.

Рэальны стан спраў адсочвае ды аналізуе ўжо чацвёрты год ініцыятар ды кіраўнік  грамадскай ініцыятыўнай групы па захаванні “Маскоўскага”, спадар Віктар Талмачоў.

IMG_0091

Узгадваем напачатку, як паўгода таму суцяшалі гарадзенскага студэнта, які, не ведаючы пра закрыццё “Маскоўскага”, не змог своечасова пасля сесіі ад’ехаць дахаты. Пра пажылога мужчыну, які не патрапіў на паховіны ў Лагойск. Пра мацюкі ў бок уладаў з вуснаў многіх, у каго з-за закрыцця аўтавакзала парушыліся жыццёвыя планы.

Віктар Талмачоў: Сёння ясна, што разбурэнне “Маскоўскага” сталася маштабнай транспартнай інфраструктурнай катастрофай. Для пасажыраў гэта звязана з дадатковымі эканамічнымі стратамі на перасадках – раз, са стратамі часу, каб зарыентавацца, як і з якіх прыпынкаў дабірацца да месца – два.

РР: Праект транспартнай развязкі, у будаўніцтве якой асноўная зацікаўленасць беларускага боку – застопарыўся. Бо фінансы свяваюць рамансы – Газпрам не пералічвае першы транш у 60 млн даляраў, а патрабуецца ўжо ўдвая больш. Але і гэта далёка не мяжа?

Віктар Талмачоў: Будзе тое самае, што і з аэрапортам “Менск-2”, дзе было да шасці пераацэнак. А зараз нават кітайцы адмаўляюцца браць удзел у яго “мадэрнізацыі”.

РР: Развязка падаецца, як вымушанае зло – барацьба з заторамі, колькасць якіх на праспекце нарастае…

Віктар ТалмачоўХлусня! Я ў 80-х прапанаваў ідэю прадоўжыць вуліцу Каліноўскага праз праспект Незалежнасці да Францыска Скарыны, з выхадам у Партызанскі раён тагачаснаму галоўнаму архітэктару Менска Нікіціну. Атрымаўся добры аб’яздны шлях для аўтатранспарта. Ёсць небяспека, што калі худа-бедна развязку запусцяць, узнікне таксама спакуса правесці дарогу не наўкола, а наўпрост – з Філімонава праз Севастопальскі парк. Але там забрудзяць водазабор “Зеляноўскі”, што з дапамогай дарагіх прыладаў забяспечвае Менск артэзіанскай вадой. Ахвяруе праграма “Чыстая вада”, на якую, дарэчы, дабрачынна некалі даў грошы Захад. І развязка першапачаткова недасканалая – будуюцца два з’езды замест запланаваных чатырох. Да таго ж існуе еўрапейская практыка – не рабіць аб’яздныя шляхі ў цэнтрах мегаполісаў.

РР: Але ці не можа ў перспектыве сітуацыя стаць яшчэ горш? Бо ж Газпрам, які, паводле дамоўленасцяў, бярэ на сабе 50% фінансавання, можа, увогуле, страціць зацікаўленасць у праекце. У сувязі з украінскімі падзеямі, заходнімі санкцыямі, магчымым скарачэннем нафтагазавага экспарту ў Еўропу…

Віктар Талмачоў: Ёсць прэцэдэнт у Піцеры, дзе пасля рэферэндума далі “адлуп” Мілеру ў будаўніцтве газпрамаўскага хмарачоса ў запаветных культурніцкіх месцах. Мы ў свае часы заклікалі правесці рэферэндум у нас – наконт зноса “Маскоўскага” ды будаўніцтва развязкі. Цяпер гэта асбліва ясна, калі падае рубель, ідуць з Масквы “маскіровачныя” акцыі накшталт будаўніцтва лядовай пляцоўкі ля Нацыянальнай бібліятэкі, нейкага Дома маці замест рэальных грашовых уліванняў. Усё выглядала невыгодным для Беларусі і раней – расейцы абяцалі кампенсацыю за знос у 17 млн даляраў, а вакзал зараз каштаваў бы ўсе 30! Гэта без уліку будучай амартызацыі. Самае непрыемнае – арэндная плата ў паўтара даляра за квадратны метр. Гэта ў цэнтры сталіцы! То бок, Газпрам будзе плаціць мізэрную суму ў 300 тысяч даляраў у год. А кошт перасадак мільёна пасажыраў, што абслугоўваў “Маскоўскі”, ў 4 разы болей – мле 200 тысяч “зялёных”. Між іншым, паводле нашага Грамадзянскага кодэкса, такая дамова можа быць аднабакова скасавана. Выйсце бачым у аднаўленні “Маскоўкага”, заняўшы прершыя тры паверхі газпрамаўскага хмарачоса – калі справа дойдзе да будаўніцтва. Што да развязкі, нагадаю  красамоўную гісторыю з трэцім аўтамабільным колам вакол Менску. Пуцін узняў цэны на газ – Лукашэнка загадаў прыпыніць будаўніцтва. Пакуль нас чакае безчасовая “сталкерная” зона на месцы разбурэння “Маскоўскага”. Да таго ж, сітуацыя “цягнічком” пойдзе і будзе выкарыстана апанетнамі у будучай прэзідэнцкай кампаніі. Увогуле, разбуральны тэхналагічны рэжым, на які выйшла сітуацыя з “Маскоўскім”, мусіць стаць  папярэджаннем і па былому аэрапарту “Менск-1”, дзе таксама з-за грашовых інвестыцыйных выгодаў збіраюцца забудаваць гандлёвымі кропкамі былую ўзлётна-пасадкавую паласу – уцепленую, сучасную. І па будучай АЭС, якая будуецца з “ветранага” боку і ў часе эксплуатацыі Менск будзе пад пастаяннай пагрозай радыяцыйнага забруджвання. Тым больш, калі грошай няма – пачынаецца эканомія, калі пра самыя патрэбныя для эка-аховы рэчы чыноўнікі “забываюць”…

Таму прыстаўку “экс” Віктар Пятровіч Талмачоў у адносінах да сабе лічыць  дачаснай. Сітуацыя з былым “Маскоўскім” яшчэ можа быць немаведама як перайграна. Прынамсі, ён перакананы, што грамадскасць чакаюць неспадзяванкі і сюрпрызы.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара