Пасля збору подпісаў дзятлаўчане ўшанавалі свайго земляка



Год таму ў Дзятлаве распачаўся збор подпісаў дзеля таго, каб ушанаваць памяць пра свайго выдатнага чалавека, дзятлаўскага будаўніка Пятра Гроса. Было сабрана каля 200 подпісаў і перададзена ў Дзятлаўскі райвыканкам. Сёлета адбыліся ў Дзятлаве і грамадскія слуханні па гэтаму пытанню, дзе было вырашана адкрыць мемарыяльную шыльду на адміністрацыйным будынку МПМК-147, якое Пётр Грос узначальваў.

У панядзелак, 16 красавіка, мемарыяльная шыльда памяці Пятра Гроса ў Дзятлаве ўрачыста была адкрыта. Шыльда была зроблена за кошт прыватных ахвяраванняў дзятлаўчан.

Урачыстасць з нагоды адкрыцця шыльды памяці Пятра Гроса распачаў грамадскі дзятлаўскі актывіст, сын заснавальніка Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Міхася Петрыкевіча Валерый Петрыкевіч. Спадар Петрыкевіч шчыра падзякаваў усім, хто дапамагаў у гэтай добрай справе і адзначыў, што Пётр Грос нарадзіўся і вырас у Дзятлаве, тут скончыў школу і стварыў сям’ю. Сюды, пасля набыцця прафесіі будаўніка, ён прыехаў працаваць у мясцовую МПМК-147. Майстар, прараб, галоўны інжынер, кіраўнік арганізацыі – такі яго быў хуткі кар’ерны ўзлёт. Гэтаму  спрыяла яго адданасць працы, дасведчанасць, справядлівасць. “Пры непасрэдным удзеле Пятра Гроса і пад яго кіраўніцтвам у Дзятлаве былі пабудаваны знакавыя будынкі: раённая бальніца, паліклініка, школа № 3, будынкі МПМК, новы мікрараён. Гэта пры непасрэдным удзеле Пятра Гроса Дзятлава ператварылася з мястэчка ў прыгожы горад. Пятро Грос быў шчырым беларусам, заўсёды падтрымліваў добрыя справы землякоў, дапамагаў словам і справай, марыў, каб на Дзятлаўшчыне былі ўшанаваны ўсе знакамітыя дзятлаўчане”, – сказаў Валерый Петрыкевіч.

Пра цудоўнага чалавека і земляка распавядалі яго сябры, аднакласнікі, аднакурснікі і суседзі Мікола Сончык, Леанід Мацукевіч, жонка Ганна Грос, сённяшні кіраўнік МПМК-147 Васіль Шпакоўскі, супрацоўнік Дзятлаўскага райвыканкама Васіль Шыцько і іншыя дзятлаўчане. Святар Мікалай Пінчук сказаў, што Пятро Грос дапамагаў аднаўляць у

Дзятлаве і праваслаўны сабор. Некалькі песень падчас урачыстасці выканала юная спявачкі з Дзятлаўскай СШ № 3 Юлія Салаш.

Пасля адкрыцця мемарыяльнай шыльды памяці Пятра Гроса, усе ўдзельнікі ўрачыстасці наведалі яго магілу на гарадскіх могілках у Дзятлаве і памянулі свайго земляка хвілінай маўчання.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава

Фота аўтара