Пасол Аўстрыі сустрэлася з маці арыштаванага прэс-сакратара А1



Пасол Аўстрыі ў Беларусі Алаізія Вёргетэр сустрэлася з Таццянай Брэдзелевай, маці арыштаванага на 15 сутак прэс-сакратара кампаніі А1 Мікалая Брэдзелева. Сумесны здымак спадарыня пасол паставіла на вокладку свайго профілю ў Facebook, паведамляе REFORM.by.

Дыпламат напісала, што не можа ў трэцюю нядзелю Адвэнту быць са сваёй сям’ёй, аднак пабачылася з Таццянай, якую называе часткай сваёй глабальнай сям’і.

Пра затрыманне Мікалая Брэдзелева, прэс-сакратара кампаніі А1, стала вядома 10 снежня. Відэа з ім з’явілася ў праўладных Telegram-каналах. Там жа пісалі пра тое, што Брэдзелеў нібыта “зліваў” закрытую інфармацыю пра кліентаў кампаніі. У пасольстве Аўстрыі ў Беларусі выказалі пратэст супраць затрымання, у кампаніі A1 Telekom Austria паабяцалі скарыстацца ўсімі магчымымі юрыдычнымі і дыпламатычнымі спосабамі для абароны супрацоўніка. Пазней стала вядома, што аператар праводзіць расследаванне таго, што адбылося. Сярод іншага паведамлялася, што Брэдзелеў не меў доступу да даных кліентаў.