Пасольства Францыі перасцерагае перад „візавымі цэнтрамі”



Пасольства Францыі ў Менску перасцерагае беларусаў ад супрацоўніцтва з фірмамі, якія называюць сябе візавымі цэнтрамі Францыі, і рэкамендуе рыхтаваць дакументы на атрыманне візы самастойна.

Як паведаміла БелаПАН консул Французскай Рэспублікі ў Беларусі Карын Бардзье, апошнім часам у поле зроку дыппрадстаўніцтва трапіў сайт eutrendz.by, які пазіцыянуе сябе як „французскі візавы цэнтр”, а таксама звязаны з ім сайт visagold.by (ён жа balticvisa.by), што аказвае паслугі па афармленні дакументаў на атрыманне віз. Аднак, як падкрэсліла дыпламат, якая б арганізацыя ні стаяла за гэтымі сайтамі, яна не мае дачынення да консульскай службы пасольства Францыі.

Гэтую інфармацыю мы знайшлі ў інтэрнэце, мы правяраем ўсю інфармацыю, якая з’яўляецца з нагоды Францыі, — адзначыла Бардзье. — Гэта не першы раз, калі мы выяўляем такія сайты. Не ўпершыню людзі, якія прыходзяць да нас падаваць дакументы на візу, тлумачаць, што яны прайшлі праз такія агенцтвы, паказваюць нам нейкія кантракты, аплату гэтым фірмам — проста за тое, што тыя рыхтуюць ім дакументы„.

Калі мы правяраем дакументы, то выяўляецца, што яны дрэнна падрыхтаваныя. Іншым разам нават фальшывыя дакументы падавалі, у прыватнасці падробленыя квіткі на самалёты, бранаванне гатэля. З-за гэтага даводзілася адмаўляць людзям. Я лічу, што такія фірмы робяць несумленна„, — заявіла консул.

Дыпламат падкрэсліла, што гаворка ідзе не пра турыстычныя фірмы, якія арганізуюць групавыя паездкі, а менавіта пра кампаніі, што прапануюць паслугі па падрыхтоўцы дакументаў для атрымання візы і называюць сябе візавымі цэнтрамі.

Паводле словах Бардзье, афіцыйныя візавыя цэнтры адкрываюць дыпламатычныя прадстаўніцтвы тых краін, у якія ідзе вялікі паток ахвотных атрымаць візу і якія вымушаныя апрацоўваць вялікую колькасць запытаў, напрыклад пасольствы Польшчы, Літвы.

Мы ж не просім велізарную колькасць дакументаў, — адзначыла яна. — Мы проста хацелі б ведаць, дзе людзі будуць жыць, якія яны маюць фінансавыя рэсурсы, ці ёсць у іх страхоўка. Не так цяжка зрабіць гэтыя дакументы самастойна. <…> Мы задаем пытанні людзям, якія падаюць дакументы, не для таго, каб перашкодзіць ім атрымаць візу, а каб усё было зробленае правільна. Таму шкада, калі даводзіцца адмаўляць ім, таму што яны прайшлі праз нейкую фірму, якая сфальсіфікавала нейкія дакументы„.

У нас вельмі малы працэнт адмоў у візе беларускім грамадзянам, адзін з самых нізкіх узроўняў адмоў. Праблемы з атрыманнем візы пачынаюцца, калі людзі не гавораць праўду. Проста трэба быць шчырым„, — падагульніла Бардзье.  БелаПАН