Пасольства Францыі ў Беларусі аб’явіла кулінарны фотаконкурс



Пасольства Францыі ў Беларусі аб’явіла кулінарны фотаконкурс. Як паведамляе прэс-служба дыпмісіі, фотаконкурс праводзіцца напярэдадні штогадовага гастранамічнага фестывалю „Смак Францыі”, які пройдзе 21 сакавіка ў некаторых краінах.

Да ўдзелу ў фотаконкурсе запрашаюцца фотааматары і прафесійныя фатографы, якія да 12 сакавіка могуць дасылаць свае працы на тэмы „Мой кулінарны дэбют з французскім акцэнтам”, „Французская кухня ў маім жыцці”, „Францыя і Беларусь за адным сталом, або Кухня аб’ядноўвае народы” , „Смачна — гэта па-французску”.

Вынікі конкурсу будуць абвешчаныя 14 сакавіка.

Фатограф павінен з’яўляцца аўтарам і праваўладальнікам матэрыялаў, прадстаўленых на конкурс. „Дасылаючы фатаграфіі, аўтар згаджаецца з умовамі конкурсу, а таксама з тым, што гэтыя фатаграфіі могуць быць выкарыстаны арганізатарамі конкурсу для публікацыі ў друкаваным ці электронным выглядзе для прасоўвання конкурсу ў любым выглядзе без выплаты якіх-небудзь матэрыяльных узнагарод”, — адзначаюць арганізатары.

У выпадку парушэння аўтарскіх правоў арганізатары конкурсу пакідаюць за сабой права выключыць усе спрэчныя работы аўтара з ліку конкурсных.

Ад аднаго ўдзельніка прымаецца да трох здымкаў ці адна серыя (да пяці фатаграфій з агульным апісаннем). Памер файла не больш за 3 МБ. Назва кожнага файла павінна складацца з імя і прозвішча фатографа лацінскімі літарамі imia-familia-nomer.jpg. Конкурсныя работы не павінны ўтрымліваць якіх-небудзь аўтарскіх рамак або знакаў. Да ўдзелу ў конкурсе не дапускаюцца фатаграфіі непаўналетніх, парнаграфічнага зместу або здымкі, якія парушаюць аўтарскія або іншыя правы.

Работы для ўдзелу ў конкурсе неабходна даслаць на электронную пошту [email protected] з пазнакай „Мой смак Францыі”.

Пераможцаў вызначыць пасол Францыі Дзідзье Канес. Аўтараў лепшых фатаграфій чакае запрашэнне ў пасольства Францыі і іншыя прыемныя сюрпрызы. Галоўны прыз — удзел у майстар-класе па французскай кухні, які пройдзе 21 сакавіка ў кулінарнай школе „Пра ежу”.

БелаПАН