Пастаўскія ўлады сустрэліся з грамадскімі актывістамі



Дыялогавую пляцоўку зладзілі пастаўскія ўлады з грамадскімі актывістамі, якія выступаюць за перамены ў Беларусі. Сустрэча адбылася ў галоўнай зале Пастаўскага райвыканкама і была прысвечаная тэматыцы “Аб  перспектывах развіцця краіны і рэгіёна. Роля грамадскіх аб’яднанняў і самакіравання”. Кіраўнік раёна Сяргей Чэпік не прысутнічаў, але быў яго намеснік Станіслаў Чымбург. У прэзідыўме засядаў старшыня раённага савета дэпутатаў Пётр Скурко, ролю мадэратара выконвала галоўны ідэолаг горада  –  Галіна Чаплінская.

На пляцоўку былі запрошаныя кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў, у  тым ліку галоўны лекар Пастаўскага шпіталя, галоўны санітарны лекар, пракурор раёна, прадстаўнікі міліцыі ды іншых службаў.

Па словах грамадскіх актывістаў, гэтая сустрэча ім нагадала хутчэй  камсамольскі сход, чым дыялогавую пляцоўку:

– Я  сустрэчай абсалютна незадаволена. У мяне была такая настальгія, я адчула, што знаходжуся на камсамольскім сходзе. Я была камсоргам 35 гадоў таму. І вось гэта тое ж самае. Вось гэтая саўдэпаўская тактыка – “як у нас добра ў краіне савецкай жыць”. Карацей, размова ні пра што.

– Я на самой справе чакаў ад арганізатараў, ад уладаў трохі іншага. Што гэта будзе больш фармат дыялогу. І бачна нават па тых пытаннях, якія я асабіста задаваў, што ўлада не гатовыя іх  вырашыць.

Як мяркуе пісьменнік і краязнаўца з  пасёлка Лынтупы Пастаўскага раёна Алесь Гарбуль, які прысутнічаў на сустрэчы, улады ўсё ж спрабуюць прашчупваць глебу для  кантакту:

– Але яны так ужо замахляваўшыся, што ім мала хто верыць. Таму і я не надта ўсяму гэтаму давяраю. Калі ўлады сапраўды не толькі на словах, але і на справах пойдуць насустрач, тады, так, канешне, такі дыялог будзе карысным абодвум бакам, не толькі нам, але і ўладам у першую чаргу.

На сустрэчы было прапанавана ладзіць падобныя дыялогавыя пляцоўкі і надалей.

Падчас гэтай дыялогавай пляцоўкі прагучалі даклады кіруючага складу раёна  па сацыяльна-эканамічных пытаннях. Начальнік аддзела эканомікі  Пастаўскага выканаўчага камітэта Павел Казакевіч, напрыклад, агучыў сярэдні  заробак у раёне, ён складае 876 беларускіх рублёў, а па Віцебскай вобласці – 1029   рублёў. Галоўны санітарны лекар сказала, што па захворванні каронавірусам Пастаўшчына знаходзіцца на 18 месцы сярод 21  раёна Віцебскай вобласці.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

 

Таццяна  Смоткіна, Беларускае Радыё  Рацыя