Пацыентка ў Менску абследуецца на наяўнасць новага каранавіруса



У Менскую інфекцыйную лякарню 22 студзеня была шпіталізаваная пацыентка з падазрэннем на новы каранавірус 2019-nCoV, паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Жанчына, 21-гадовая Ганна Ільніцкая, паступіла са скаргамі на болі ў цягліцах, павышэннем тэмпературы цела да 38,5°С, кашлем. Папярэдні дыягназ – вострая рэспіраторная вірусная інфекцыя, адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя.

«З гутаркі з пацыенткай стала вядома, што 20 студзеня яна вярнулася з паездкі ў Шанхай (Кітай). На сённяшні момант дзяўчына знаходзіцца, як і іншыя пацыенты з непацверджанымі дыягназамі, у асобным боксе. У яе ўзятыя аналізы на рэспіраторную групу вірусаў», – падкрэсліла прэс-сакратар міністэрства Юлія Барадун.

Раніцай 23 студзеня ў лякарні быў праведзены кансіліум з удзелам вядомых лекараў. «Выстаўлены дыягназ, які на дадзены момант ужо пацверджаны лабараторна – грып В, сярэдняй ступені цяжару. Праводзіцца лабараторнае даследаванне для выключэння напластавання каранавіруснай інфекцыі», – адзначыла Барадун.

Міністэрства аховы здароўя ўзмацніла прафілактычныя мерапрыемствы па недапушчэнні распаўсюджвання новага каранавіруса. У першую чаргу, гаворка ідзе пра прафілактыку захворвання сярод тых, хто ўязджае ў Беларусь з краін з неспрыяльнай эпідсітуацыяй. Таксама вядзецца праца, у тым ліку праз тураператараў, па папярэджанні грамадзян, якія выязджаюць з Беларусі ў турыстычныя паездкі. У нацыянальным аэрапорце Менск арганізаваны санітарна-каранцінны кантроль пасажыраў з краін, у якіх выяўленае захворванне, у тым ліку з прымяненнем цеплавізійнага абсталявання.

У канцы снежня ўлады Кітая інфармавалі СААЗ пра ўспышку невядомай пнеўманіі ў горадзе Ухань. У пачатку студзеня кітайскія медыкі ўстанавілі ўзбуджальніка хваробы – каранавірус 2019-nCoV. Інкубацыйны перыяд віруса новага тыпу можа складаць каля 14 дзён.

22 студзеня колькасць ахвяр каранавіруса ў Кітаі дасягнула 17 чалавек. Пра гэта паведамляе газета Global Times.

У ноч на 23 студзеня колькасць пацверджаных выпадкаў інфікавання вірусам у Кітаі склала 550 чалавек.

Выпадкі заражэння пнеўманіяй новага тыпу пацверджаны ў 25 правінцыях, аўтаномных раёнах і гарадах Кітая. Акрамя таго, выпадкі заражэння выяўленыя ў ЗША, Японіі, Рэспубліцы Карэя, Тайландзе.

Каранавірусы – сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёл, свіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць паражэнне дыхальнай сістэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нервовай сістэмы. Вядома, што інфекцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сімптомаў – гарачка, кашаль і абцяжаранае дыханне. Паколькі гэтыя сімптомы падобныя на многія іншыя рэспіраторныя захворванні, неабходны дадатковы скрынінг.

БелаПАН

Фота: vk.com,  sputnik.by

[manual_related_posts]