Паўгектара бетоннай пустэчы і туі ў гаршках



Віцебскія ўлады працягваюць ландшафтныя эксперыменты на Плошчы перамогі. У 2009-м годзе тут знішчылі цэлы сквер, які быў любімым месцам адпачынку віцяблян, а тэрыторыю плошчай паўгектара забрукавалі. Адзіным відам раслін, якім “дазволілі” расці па перыметры, сталі туі.

Праўда, клімат “паўночнай сталіцы” ім не падышоў: дрэвы вымярзалі зімой і выгаралі ўлетку. Урэшце старыя дрэвы выкапалі, а на іхныя месцы зноўку пасадзілі туі – але ўжо ў гаршках.

Фатограф Юрась Шэпелеў зрабіў фотарэпартаж пра “дрэвы ў пластыкавых шклянках”, як назвалі гэтае новаўвядзенне віцябляне:

– На алейцы з’явіліся велізарныя пластыкавыя гаршкі, а ў іх – тыя самыя туі. Зробленыя са звычайнага пластыку, нефарбаваныя, нічым не ўпрыгожаныя. Проста велізарныя гаршкі, як з краіны Гуліверыі. З’явіліся не толькі скрайку, але і ў іншых месцах, нібыта іх не было куды падзець, і таму іх вырашылі раставіць па ўсёй плошчы.

Фотарэпартаж Юрася Шэпелева выклікаў вялікі розгалас: у сацыяльных сетках з’явіліся дзесяткі каментароў з патрабаваннем спыніць марнаванне бюджэтных сродкаў на сумнёўную эстэтыку. У гарвыканкам таксама былі накіраваны электронныя звароты – парады пракансультавацца з навукоўцамі, якія дрэвы змогуць жыць у такіх умовах, каб штогод не траціць грошы на новыя туі – у гаршках або без іх.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск