Павел Севярынец і Вольга Нікалайчык арыштаваныя на 10 сутак
Суд Фрунзенскага раёна Менска 30 чэрвеня агучыў рашэнне аб адміністрацыйным арышце на 10 сутак сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца.
Палітык быў затрыманы ў суботу раніцай супрацоўнікамі АМАПа ля дома, дзе жыве. Пасля затрымання яго даставілі ў суд.
Адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненні да Севярынца былі складзеныя ў сувязі з яго удзелам у акцыях пратэсту супраць працы побач з ўрочышчам Курапаты забаўляльнага цэнтра з рэстаранам „Поедем поедим”.
Перад вынясеннем рашэння суда Севярынец паведаміў БелаПАН, што разглядаліся больш за пяць пратаколаў: за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, перашкаджанне працы грамадскай установы, дробнае хуліганства, супраціўленне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, парушэнне правілаў дарожнага руху.
Раніцай 30 чэрвеня таксама былі затрыманыя актывісты па абароне Курапатаў Барыс Анікееў, Вольга Нікалайчык і Дзяніс Урбановіч. Іх даставілі ў Першамайскае РУУС сталіцы. Анікееў быў адпушчаны пасля размовы ў міліцыі. Дзе знаходзяцца Нікалайчык і Урбановіч, ён не ведае. Верагодна, іх таксама судзілі, бо адзін з міліцыянераў па просьбе Нікалайчык перадаў яму ключы ад яе дома, каб ён пакарміў ката.
Паводле інфармацыі з сацсетак, Нікалайчык таксама арыштаваная на 10 сутак.
Акцыі супраць працы забаўляльнага цэнтра праходзяць з 31 траўня. На многіх актывістаў складалі пратаколы як супрацоўнікі ДАІ, так і міліцыі.
* * *
Суд Фрунзенскага раёна Менска 30 чэрвеня разглядае адміністрацыйную справу ў дачыненні да сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца.
Як паведаміў БелаПАН адказны сакратар арганізацыі Дзяніс Садоўскі, палітык быў затрыманы сёння раніцай супрацоўнікамі АМАПа ля дому, дзе жыве. Пасля затрымання яго даставілі ў суд.
Садоўскі адзначыў, што ў судзе разглядаецца некалькі пратаколаў: за знаходжанне на праезнай частцы дарогі і ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Яны былі складзеныя ў сувязі з удзелам Севярынца ў акцыях супраць працы ва ўрочышчы Курапаты забаўляльнага цэнтра з рэстаранам „Ппоедем поедим”.
У судзе Севярынец даў свае тлумачэнні. Цяпер будуць праглядацца відэазапісы.
Акцыі супраць працы забаўляльнага цэнтра праходзяць з 31 траўня. На многіх яго ўдзельнікаў складалі пратаколы як супрацоўнікі ДАІ, так і міліцыі.
Фота Белсат
