Паўсотні птушанят вяртлявай чарацянкі пераселяць з Беларусі ў Літву



З тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка „Званец” у літоўскі рэзерват „Жувінтас” пераселяць 50 птушанят вяртлявай чарацянкі, паведамілі менеджары праекта ПРААН-ГЭФ „Ветландс”.

Мерапрыемства па кіраванні папуляцыямі вяртлявай чарацянкі рэалізуецца па праграме Life, якая фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Транслакацыя (перасяленне) птушанят гэтага віду з беларускага балота „Званец” у літоўскі рэзерват „Жувінтас” для захавання сусветнай папуляцыі вяртлявай чарацянкі – адзін з вынікаў сумеснай дзейнасці праекта „Стварэнне сеткі ключавых месцапражыванняў для забеспячэння доўгатэрміновага спрыяльнага ахоўнага статусу вяртлявай чарацянкі ў Літве” і праекта „Ветландс”.

Беларуская экспедыцыя арнітолагаў і валанцёраў прыбыла ў „Званец” 29 траўня. У задачы групы ўваходзілі пошук на балоце гнёздаў вяртлявай чарацянкі, узяцце птушанят і іх утрыманне да перавозкі. „Гэта вельмі карпатлівая работа. Бывае, на пошукі аднаго гнязда можа спатрэбіцца цэлы дзень. Птушанят бяруць зусім маленькімі – ва ўзросце 6-8 дзён з масай каля 8 г. Праз кожныя 10-12 хвілін іх трэба карміць. Харчуюцца яны насякомымі, адлоў якіх таксама ўваходзіць у нашы абавязкі”, – расказаў дырэктар заказніка Віталь Шкапіч.

Чакаецца, што на новае месца жыхарства падрослыя птушаняты вяртлявай чарацянкі адправяцца ўжо сёння. Беларускія вучоныя перададуць птушак літоўскім калегам, якія прыбылі напярэдадні ў заказнік. На ўсіх 50 птушанят аформлены спецыяльныя „загранпашпарты” (неабходныя мытныя дакументы). У ліпені каардынатары праекта „Ветландс” плануюць паездку ў рэзерват „Жувінтас”, дзе будзе праходзіць наступны этап транслакацыі: перавод птушак у авіярыі, кальцаванне, далейшы выпуск у дзікую прыроду.

Унікальны метад аднаўлення гнездавой групоўкі вяртлявай чарацянкі ўпершыню быў апрабаваны ў маі мінулага года. Тады з заказніка „Званец” у рэзерват „Жувінтас” таксама былі адабраны і пераселены 50 птушанят. Вопыт быў прызнаны паспяховым: птушаняты прыжыліся на новым месцы і былі выпушчаны ў прыродныя месцы пражывання. Многія з акальцаваных птушак пасля зімоўкі вярнуліся ў рэзерват.

Заказнік „Званец” з’яўляецца найбуйнейшым у Еўропе нізінным асаковым балотам і належыць да ключавых месцапражыванняў для найбуйнейшай папуляцыі вяртлявай чарацянкі: на гэтай тэрыторыі гняздзяцца каля 27 працэнтаў глабальнай колькасці віду. У цэлым у Беларусі гняздзіцца каля 43 працэнтаў сусветнай папуляцыі вяртлявай чарацянкі.

belta.by