Паўстае новы трансгранічны турыстычны прадукт



Гаворка ідзе пра будаўніцтва і прамоцыю роварнага шляху “August Velo” на памежжы. Адпаведную дамову падпісалі падчас трэцяй сустрэчы польска-беларускай рабочай групы па пытанні развіцця Аўгустоўскага канала. Бакамі дамовы выступаюць: Маршалкоўская ўправа Падляшскага ваяводства і Гарадзенскі абласны выканаўчы камітэт.

Новы роварны шлях мае стаць працягам Усходняга роварнага шляху “Green Velo” ад мясцовасці Мікашоўка (Польшча) да Гародні (Беларусь). Новы шлях мае павялічыць прыцягальнасць трансгранічнага турызму.

Таксама падчас пасяджэння супольнай польска-беларускай рабочай групы падпісалі і іншыя дакументы, якія тычацца новага воднага шляху Бебжа – канал Аўгустоўскі – Неман, які ахопіць тры краіны – Польшчу, Беларусь і Літву. Гэты новы водны шлях мае спрыяць перспектывам Аўгустоўскага канала трапіць у спіс сусветнай спадчыны UNESCO.

Пасяджэнне рабочай групы і падпісанне дамоваў адбылося ў польскім Аўгуставе. У сустрэчы, між іншымі, узялі ўдзел: Віктар Лісковіч – намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкама, і Багдан Дыюк – сустаршыня рабочай групы, сябра Управы Падляшскага ваяводства.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.