Павел Грыб ужо чатыры месяцы знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Краснадары



Украінскі грамадзянін Павел Грыб, які ў верасні таямніча знік у Гомлі, а знайшоўся ў СІЗА ФСБ Расеі ў Краснадары, чакае чарговага суду аб падаўжэнні тэрміну арышту, паведамляе svaboda.org.

Сваякі зняволеных у Расеі ўкраінцаў просяць прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку аб асабістай сустрэчы і дапамозе ў вызваленні. На сёння праваабаронцы кажуць пра больш як 60 грамадзян Украіны, якія ўтрымліваюцца ў расейскіх следчых ізалятарах паводле падазрэнняў і абвінавачанняў у тэрарыстычнай дзейнасці або ў замаху на тэрытарыяльную цэласнасць Расеі.

Украінскі бок перакананы, што ўсе затрыманыя — палітычныя вязні Расеі. Але афіцыйнай пляцоўкі для перамоваў аб іх вызваленні пакуль няма. Невядомая і дакладная колькасць арыштаваных у Расеі.

«Мы атрымліваем супярэчлівую інфармацыю наконт працэсу вызвалення закладнікаў, якія знаходзяцца ў Расеі і акупаваным Крыме. Мы дакладна не разумеем, ці ўключаныя нашы сваякі ў спісы на абмен і ці ёсць перспектыва ім трапіць у гэты пералік. І таму мы ў адчаі», — сказаў 13 снежня на брыфінгу Ігар Грыб, бацька Паўла Грыба, які сёлета ў жніўні знік на тэрыторыі Беларусі і ўжо чатыры месяцы знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Краснадары. Паводле расейскага следства, украінец Паўло Грыб нібыта планаваў падарваць бомбу на школьнай лінейцы ў Сочы.

Ягоны бацька перакананы, што сына з тэрыторыі Беларусі выкралі супрацоўнікі ФСБ Расеі.