Павел Латушка: Мне сорамна, што наш факультэт закончылі нягоднікі



Лідар Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка выказаўся ў падтрымку выпускніцы юрыдычнага факультэту БДУ Кацярыны Віннікавай.

29 чэрвеня на ўручэнні дыплома яна выступіла з прамовай, у якой падзякавала юрыстам, з якіх брала прыклад, у тым ліку палітвязню Максіму Знаку. За гэта дзяўчыне прысудзілі 15 сутак зняволення.

– Я разумею, што некаторыя юрысты, якія маюць такіх дыплом, як і Кацярына, як мы, выпускнікі юрфака, аказаліся проста падонкамі. Менавіта яны дзяўчыне прысудзілі 15 сутак арышту, толькі за тое, што яна сказала праўду, не абразіўшы і не прынізіўшы нікога. Мне сорамна, што наш факультэт закончылі нягоднікі, якія сёння твораць прававы “беспредел”. Але яны павінны разумець, што адказнасць немінуча.

Кацярыну судзілі праз скайп, калі яна ўжо знаходзілася ў ізалятары на Акрэсціна. Суддзя — Марына Клімчук. Ініцыятыва былых сілавікоў BYPOL ужо размясціла ў тг-канале поўныя біяграфічныя дадзеныя суддзі. Вынікае, што раней Клімчук працавала адвакаткай, а суддзёй стала ў мінулым кастрычніку. За гэты час яна прызначыла 12 865 рублей штрафаў і 1096 сутак адміністрацыйных арыштаў.