Павел Сапелка: Дзяржава павінна несці фінансавую адказнасць



Юрыст Павел Сапелка распавёў пра працяг “справы Пцічкіна”.

14 лютага ў судзе Заводскага раёна Мінска адбудзецца папярэдняе пасяджэнне па іску маці і сястры Ігара Пцічкіна да Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі, галоўнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў і былога медыцынскага работніка СІЗА Аляксандра Крылова.

Нагадаем, што ў 2013 годзе суд Заводскага раёна Мінска прыгаварыў 21-гадовага Ігара Пцічкіна да трох месяцаў адміністрацыйнага арышту за тое, што ён кіраваў аўтамабілем, будучы пазбаўленым пасведчання вадзіцеля. У канцы ліпеня маладога чалавека накіравалі ў СІЗА №1, а праз некаторы час супрацоўнікі ізалятара паведамілі сваякам, што Пцічкін памёр ад сардэчнага прыступу.

Праз некалькі гадоў была ўзбуджана крымінальная справа за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў фельчарам медчасці СІЗА №1 Аляксандрам Крыловым, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента. Фельчар быў прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення. Пазней Менскі гарадскі суд зменшыў пакаранне да 2 гадоў і 10 месяцаў.

Павел Сапелка: Зараз маці і сястра загінуўшага хлопца з дапамогай праваабаронцаў падрыхтавалі іск, каб атрымаць кампенсацыю за нанесены маральны і матэрыяльны ўрон. Агулам сума іскавых патрабаванняў складае каля 103 тысяч даляраў.

РР: Які перспектывы гэтага іска?

Павел Сапелка: Натуральна, будзе складана дабіцца таго, каб спагнаць кампенсацыю ў поўным аб’ёме. Але як выглядае сітуацыя? Раней суд прызнаў, што неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў фельчарам медчасці СІЗА №1 Аляксандрам Крыловым пацягнула па неасцярожнасці смерць Пфічкіна. У справе прызнаны вінаваты, значыцца, за тыя пакуты, што панеслі блізкія загінулага хлопца, павінна быць і кампенсацыя. Можна ўспомніць, у якім кантэксце ўзгадвалі пасля смерці хлопца яго прозвішча некаторыя дзяржаўныя інстытуты. Дэпартамент выканання пакаранняў не прызнаваў напачатку сваёй адказнасці за гібель маладога чалавека, памятаем, якія прэс-рэлізы выдавалі праваахоўнікі, калі распавядалі пра гэты выпадак. І ўсе гэтыя абставіны толькі дадавалі пакутаў блізкім Ігара Пцічкіна. Трэба разумець, што дзяржава ў гэтай сітуацыі вінавата перад імі. І павінна несці фінансавую адказнасць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя