Павел Севярынец: Апошнім часам павялічыўся ціск на сяброў БХД



Па словах сустаршыні аргкамітэта па стварэнню партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Паўла Севярынца, у апошні час рэзка ўзрос інфармацыйны ціск на кіраўнікоў і актывістаў партыі. Па словах палітыка, за 12 год існавання адноўленай хрысціянскай дэмакратыі кожны год бывалі выпадкі правакацый і інфармацыйных паклёпаў. Але ў гэтым годзе, асабліва пасля масавых пратэстаў, фіксуецца распаўсюджанне соцень такіх паклёпаў, – сказаў Павел Севярынец.

– Прычым не толькі ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, як гэта было раней, але і ў сацыяльных сетках, у інтэрнэце з рассылкамі па нашы сябрах і нашых партнёрах. Усё гэта на наш погляд выяўляе страх сістэмы, страх КДБ перад масавымі пратэстамі і размахам хрысціянскай дэмакратыі. Усё гэта накіравана на тое, каб пастарацца максімальна аслабіць ці інфармацыйна падарваць уплыў хрысціянскай дэмакратыі перад восеньскімі пратэстамі і падчас вучэнняў “Захад – 2017”.

Па словах Паўла Севярынца, кіраўніцтва Беларускай хрысціянскай дэмакратыі вельмі сур’ёзна ставіцца да кампаніі дыскрэдытацыі і заклікае сяброў БХД быць пільнымі і не весціся на правакацыі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя