Павел Севярынец: Крэмль склаў для Лукашэнкі “праграмку”



Суд Савецкага раёна Менска пакараў палітыка Паўла Севярынца арыштам на 10 сутак.

Як арганізатара і ўдзельніка мітынгу салідарнасці з 27 арыштаванымі падчас акцый абароны Курапатаў ад незаконнай забудовы. Павел Севярынец у літаральным сэнсе знік пасля прысуду – канвою не было. Звычайна на свае шматлікія суды палітык не прыходзіць. Фармулёўка прысуду: “за арганізацыю і ўдзел у мітынгу 3 сакавіка”.

Павел Севярынец: Стаяў і выказваў сваё стаўленне да магчымай будоўлі ў ахоўнай зоне Курапатаў – пад бел-чырвона-белым сцягам і з воклічамі “Жыве Беларусь!” Да судоў была вялікая ўвага і журналісты адзін за адным пыталіся – ці буду я? Вось і пад’ехаў. Аж у судзе мяне не чакалі і былі здзіўлены. Я мяркую, што папярэдне яны разлічвалі ціхенька даць мне 10 сутак, што і зрабілі. Ускласці выкананне на Фрунзенскі райаддзел па месцы жыхарства і па дарозе на сённяшнюю акцыю салідарнасці з асуджанымі на Дзень Волі мяне і ўзяць. Таму я часова вольны, прыводжу да ладу справы і – на салідарнасць.

РР: Пытанне, што зараз у галовах многіх – хто стаіць за хваляй арыштаў пасля 25 сакавіка, што гадамі праходзіла мірна? Чаму, па словах Статкевіча, апынуліся ў іншай Беларусі?

Павел Севярынец: На маю думку, Крэмль склаў для рэжыму Лукашэнкі “праграмку” што трэба зрабіць, каб сапсаваць стасункі з Захадам і атрымаць ільготныя рахункі на газ. Зараз гэта дакладна штодзень выконваецца – суды, суткі, ператрусы на „Белсаце”, рэпрэсіі патрыётаў па неіснуючых крымінальных справах.

РР: Але ці пралічвае, на Ваш погляд, Лукашэнка хоць адзін крок наперад? Зусім жа не стоадсоткава, што Расея і пасля пасадак дасць танны газ, бо сама “гіганцкімі крокамі” коціцца ўніз. Захаду ж прыйдзецца рэагаваць у адказ…

Павел Севярынец: Магчыма Захад будзе адказваць, магчыма будзе і з гэтым марудзіць дзеля захавання існуючага млявага дыялогу. Лукашэнка ж відавочна страціў надзею атрымаць той аб’ём грошай, які ад яго чакаў. Таму і паварочваецца зноў тварам да Крамля. Гэта ўжо праходзілі – гульні з Масквой суправаджаюцца пасадкамі ў Беларусі.  Ды і ўсё супала – дыктатара напалохалі масавыя пратэсты па ЎСЁЙ Беларусі. Ён, пэўна, і вырашыў пайсці “пратораным” шляхам.

РР: Зусім не пралічвае крокі, што робіць?

Павел Севярынец: Каб пралічыў хоць адзін, пэўна сышоў бы ужо сам. Тое, што вырабляе, можа кепска скончыцца для яго і ўсіх нас. Вясна будзе “вострая”. Праблемы, з якімі людзі выходзілі на вуліцы, засталіся. Чакаю, што пратэсты будуць яшчэ больш масавыя і сур’ёзныя.

Сёння а 19-й у Менску на прыступках КДБ пройдзе акцыя салідарнасці з 27 асуджанымі пасля Дня Волі. Павел Севярынец, які з’яўляецца арганізатарам акцыі, лічыць, што на падыходзе да месца правядзення ён будзе затрыманы.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя