Павел Севярынец: Мы працягваем нашую варту



Ужо два месяцы працягваецца пікетаванне рэстарана „Поедем поедим” каля мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій у Курапатах. Пратэстоўцы патрабуюць закрыцця гэтай забаўляльнай установы, але рэстаран пакуль працягвае працу. Тым не менш, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец лічыць, што вынікі ў гэтай грамадскай варты ўжо ёсць:

– Беларусы масава байкатуюць рэстарацыю „Поедем поедим”, не прыязджаюць, бывае некалькі наведнікаў у дзень, гэта ўсё што ёсць. Адначасова выказаліся самыя сур’ёзныя людзі, і ў Беларусі, і за мяжой, адносна таго, што такі рэстаран непрымальны. Ну і мы працягваем гэтую варту. Хай банкруюць тыя, хто вырашыў зрабіць гэтую бязбожную справу. Зараз мы ў асноўным працуем у тактыцы байкота, мы даслалі ўжо каля дзвух дзясяткаў лістоў пастаўшчыкам, якія працуюць з „Поедем поедим”. Некаль фірмаў адмовілася ад супрацы ў ціхую – проста не возяць сюды тавары.

Павел Севярынец распавёў, што лісты з інфармацыяй аб пагрозе Курапатам накіраваныя кіраўніцтву розных рэлігійных канфесіяў у Беларусі. Палітык назваў вельмі важнай і паказальнай пазіцыю кіраўніцы прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын, якая заклікала не арыштоўваць пратэстоўцаў, а спрабаваць зразумець іх.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя