Ніякіх падставаў для з’яўлення АЭС у Беларусі няма (абноўлена)



Небяспека будаўніцва АЭС у Беларусі абмеркавана на „круглым столе”, які адбыўся ў Менску. Па словах сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, арганізатара і вядучага мерапрыемства Паўла Севярынца, рашэнне будаваць  атамную электрастанцыю ў было прынятае аднаасобна кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам.

– Ён не раіўся з беларускім народам, які вось ужо трэцяе дзесяцігоддзе церпіць ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Таксама мы ведаем, што за некалькі гэтых гадоў адбылося шэраг аварыяў, шэраг няшчасных выпадкаў на будоўлі атамнай электрастанцыі ў Астроўцы. Эксперты, міжнародныя і беларускія, у адзін голас кажуць: па геалогіі, па тэхнічных паказніках нельга будаваць. Нельга замаўляць атамную электрастанцыю ў Расеі, таму што расейскія рэактары самыя ненадзейныя ў свеце.

Нельга будаваць каля межаў, асабліва калі суседнія краіны выступаюць супраць. Тым больш нельга  будаваць АЭС пасля Чарнобыльскай катастрофы, – сказаў Павел Севярынец. Такім чынам, ніякіх падставаў для з’яўлення АЭС у Беларусі няма – ні эканамічных, ні палітычных, ні экалагічных. Тым не менш, рашэнне аб гэтым  было прынятае і будаўніцва працягваецца.

Удзельнікі  „круглага стала” прынялі зварот да беларускаіх уладаў з патрабаваннем неадкладна спыніць будаўніцтва атамнай станцыі.

***

Галоўная небяспека атамнай электрастанцыі, якая будуецца каля Астраўца, у тым, што гэта раён, дзе існуюць небяспечныя геалагічныя зрухі. Пра тое нагадаў прафесар Георгій Лепін, выступаючы на „круглым стале”. Навуковец спаслаўся на даследчую справаздачу па пошуку магчымых пункаў для размяшчэння АЭС, якая датуецца 1993 годам.

– Праведзены аналіз больш 30 пляцовак, з іх 5 прызнаныя непрыдатнымі. З гэтых пяці 4 пляцоўкі, на якіх выяўлены не проста зрух зямной кары, а вузел зрухаў, то бок перасячэнне некалькіх зрухаў зямной кары. Таму ў справаздачы напісана, што гэта катэгарычна непрыдатныя пляцоўкі.

А самая небяспечная з іх – менавіта астравецкая, дзе напачатку XX стагоддзя  адбыўся шасцібальны землятрус. І тым не менш, менавіта тут будуецца АЭС, – падкрэсліў Лепін. Па яго словах, прычыны гэтага чыста меркантыльныя і палітычныя. Пасля закрыцця Ігналінскай АЭС у Літве і адмовы ад будаўніцва там новай атамнай станцыі беларускія ўлады вырашылі, што змогуць прадаваць у Літву і іншыя краіны Еўразвяза электраэнэргію. Аднак літоўскае кіраўніцтва падкрэслівае, што набываць гэтую электрычнасць не будзе.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя