Павел Севярынец выйшаў на волю пасля 10-суткавага арышту



Пасля 10 сутак арышту з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Менску вызвалены сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец

Ён быў асуджаны за пратэст супраць дзейнасці рэстарана „Поедем поедим” каля мемарыяла ахвярам сталінскіх рэпрэсій у Курапатах:

-Ёсць і добрыя навіны, ёсць і кепскія. Добрыя навіны такія, вярнулі рукапіс дадаткаў да другой кнігі рамана „Беларусалім”, дзякуй Богу. Там было вельмі шмат розных роспісаў, то бок быў вялікі шум відаць. Калі я вярнуўся, то мне пад роспіс гэтыя ўсе паперы аддалі, плюс дазволілі ручкі. Я змог пісаць, працаваў гэтыя дні над раманам. Ёсць і кепская навіна, аказваецца мяне трымалі з трыма хворымі.

Такіх людзей павінны трымаць у асобных камерах. Калі я пытаўся ў прадстаўнікоў адміністрацыі, чаму ў адных камерах і хворыя і здаровыя, то адказвалі, што ў нас такіх шмат, распавёў Павел Севярынец.

Сустракаць яго прыйшлі каля 20 паплечнікаў. Па словах аднаго з іх, прадстаўніка Руху Салідарнасці „Разам” Вячаслава Сіўчыка, арышты абаронцаў Курапатаў Паўла Севярынца і Макса Вінярскага паказалі толькі адно, што нягледзячы на рэпрэсіі, абарона мемарыялу супраць адкрытага побач з ім рэстарана „Поедем поедим” працягвалася іншымі актывістамі:

– Адбываецца тое, што гэтыя людзі ратуюць гонар усёй беларускай нацыі, бо адкрыццё гэтага ганебнага кабака “на касцях” – здзек над усёй беларускай нацыяй, нават над тымі людзьмі, якія гэта не разумеюць. Бо тыя жахлівыя злачынствы, якія былі ў ХХ стагоддзі, ударылі па ўсёй Беларусі. І на вялікі жаль, ударылі з такой сілай, што частка людзей нават забывае, што забівалі іх продкаў.

Варта стаіць. Але я вельмі спадзяюся, што сённяшняя ўлада сконыць здзеквацца над беларускім народам і зачыніць гэтую ўстанову, сказаў Вячаслаў Сіўчык.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск