Севярынец: Скарачэнне фінансавання «Белсата» – гэта здрада



Планы па скарачэнні фінансавання тэлеканала «Белсат» – гэта здрада ў чыстым выглядзе, – так каментуе звесткі з Варшавы сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец. Ён упэўнены, што такія заявы нездарма з’явіліся менавіта пасля візітаў польскіх дэлегацый ў Менск.

– Тэлеканал „Белсат” – гэта выключная з’ява ў медыяпрасторы Беларусі. Фактычна гэта аснова тэлевізійнага беларускамоўнага вяшчання агулам у свеце. Таму планы скараціць яго фінансаванне і перавесці яго на расейскую мову – гэта практычна катастрофа. Такі крок можа проста абрынуць стасункі паміж Польскай дзяржавай і сённяшняй дэмакратычнай беларускай грамадскасцю.

Раней неафіцыйныя крыніцы паведамілі, што польскі ўрад прыняў рашэнне пра змяншэнне датацыі на дзейнасць тэлебачання «Белсат» на 2017 год на дзве траціны ў параўнанні з сёлетнім фінансаваннем. Пра гэта піша польскі сайт wpolityce.pl.

Калі пастанова набудзе моц, замест 17 мільёнаў «Белсат» атрымае толькі 5 мільёнаў злотых.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]