Паводка на Гомельшчыне



На Гомельшчыне павялічваецца колькасць раёнаў і населеных пунктаў, дзе рэгіструецца падтапленне паводкавымі і талымі водамі. У самім Гомелі адным з месцаў, дзе існуе рызыка падтаплення, з’яўляецца раён прыватнай забудовы Якубоўка.

Жыхары Якубоўкі заўважаюць, што сёлета прыкметы “вялікай вады” ёсць, але хвалявацца рана.

– Мы жывем тут на ўскраіне. Калі “вялікая вада”, мы жывем на востраве. Якая першая прыкмета? За чатыры гады ўпершыню з’явілася вада вось тут, у нізіне, яна падыходзіць да нашых дамоў. Гэта гаворыць пра тое, што вада ў гэтым годзе большая, чым была чатыры гады таму.

Апошні раз паводка ў Гомелі фіксавалася ў 2013 годзе. Тады вада ў рацэ Сож паднялася на 6 метраў, што прывяло да частковага падтаплення раёнаў Манастырок і вуліцы Палявой у Якубоўцы.

На гэты момант Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паведамляе пра падтапленне паводкавымі водамі ў 5 раёнах вобласці (Мазырскім, Добрушскім, Петрыкаўскім, Рагачоўскім і Кармянскім) і талымі водамі ў 6 раёнах (Петрыкаўскім, Мазырскім, Жыткавіцкім, Веткаўскім, Гомельскім і Буда-Кашалёўскім).  

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель