Паводкі яшчэ няма, але трэба быць гатовым
Ратавальнікі чакаюць, што сёлета на Берасцейшчыне вясновая паводка будзе большай, чым летась. Гаворка пра затапленне населеных пунктаў не вядзецца, бо ў апошнія два гады ўзровень вады ў палескіх рэках знізіўся да катастрафічнага мінімуму. Тым не менш у балацяных мясцінах паводка можа ўзнікнуць.
Няма вялікага снегу і ва Украіне, з якой раней прыходзіла вялікая вада. Перакрытыя дамбы, і вядзецца маніторынг за сітуацыяй. На Піншчыне ратавальнікі і камунальнікі праверылі на гатоўнасць адмысловую тэхніку, паведаміў супрацоўнік раённай жыллёва-камунальнай службы:
– Падрыхтавалі на сённяшні дзень тэхніку для адкачвання выды – помпы, і назапасілі пескасаляную сумесь, а таксама пясок. Для таго, каб папярэдзіць падтапленне, праводзяцца прачысткі дажджавых канаваў.
Ратавальнікі кажуць, што наперадзе яшчэ люты і сакавік, а як вядома, гэтыя месяцы могуць змяніць сітуацыю ў выніку моцных ападкаў. Пакуль паводкі на Берасцейшчыне няма.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
