Паэту і настаўніку Уладзіміру Весялуху споўнілася б 70



2 студзеня беларускаму педагогу і паэту Уладзіміру Весялуху (1948-2004) з Вялейкі споўнілася б 70 гадоў.

 

Уладзімір Весялуха нарадзіўся 2 студзеня 1948 года ў вёсцы Старыя Дзевяткавічы Слонімскага раёна. У сям’і Весялухаў было шасцёра дзяцей.

Ён скончыў мясцовую дзесяцігодку. Спачатку працаваў загадчыкам клуба, бібліятэкарам у роднай вёсцы, а пасля завочна паступіў на філфак Белдзяржуніверсітэта. На апошнім курсе вучобы Уладзіміру Весялуху прапаноўвалі паступаць у аспірантуру, бо дыпломная праца “цягнула” на кандыдацкі мінімум. Але вясковы юнак са Слонімшчыны не пагадзіўся. Ён вярнуўся на Слонімшчыну і пасля трох гадоў настаўніцтва яго прызначылі на пасаду дырэктара Хмяльніцкай васьмігадовай школы. Дарэчы, той школы, дзе з восені 1912 да траўня 1915 гадоў настаўнічаў Ігнат Дварчанін (1895-1937) – у будучым вядомы грамадска-палітычны дзеяч, літаратар, доктар філасофіі. Цяпер у Хмяльніцы няма школы, ды і вёска даўно стала неперспектыўнай.

У пачатку 1983 года Уладзімір Весялуха з сям’ёй пераехаў у Вялейку. У апошнія гады свайго жыцця ён працаваў у мясцовай гімназіі №1. Настаўнік не толькі актыўна займаўся педагагічнай дзейнасцю, але і прывіваў любоў у дзяцей да роднай культуры, да матчынай мовы, захапляўся літаратурным краязнаўствам. Ён добра разбіраўся ў паэзіі, ведаў яе, цаніў працу беларускіх літаратараў. Уладзімір Весялуха даследаваў літаратурную Вялейшчыну. Для школьнікаў ён падрыхтаваў і выдаў брашурку пра літаратараў Вялейшчыны. А ў 1990 годзе ў Вялейцы, пры падтрымцы аддзела адукацыі Вялейскага райвыканкама, выйшаў зборнічак паэзіі школьнікаў пад назваю “Усё пачынаецца са школы…”. Гэты зборнічак склаў і рэдагаваў Уладзімір Мікалаевіч. У ім надрукаваны вершы 22 юных паэтаў Вялейшчыны.

Магчыма, нехта з аўтараў зборнічка “Усё пачынаецца са школы…” і, сапраўды, стаў гонарам Вялейшчыны. Але гэта найперш дзякуючы сціпламу і шчыраму настаўніку Уладзіміру Весялуху. Творы некаторых паэтаў з вышэй упамянутага зборнічка можна было прачытаць і ў кнізе вершаў “Спатканне” (Вялейка, 1994). Яны былі надрукаваны побач з паэтычнымі радкамі іх настаўніка. Гэты зборнік тады з’яўляўся вынікам творчай дзейнасці сяброў аб’яднання “Майстэрства. Фантазія. Шчодрасць”, якое працавала пры Вялейскай гарадской бібліятэцы. У “Спатканні” на суд чытачоў Уладзімір Весялуха вынес 7 вершаў, прысвечаных настаўнікам, Максіму Багдановічу, Н. Ф. Купрыянавай, якая ў часы Другой сусветнай вайны не дачакалася сваіх сыноў, а таксама вершы-развагі пра наша жыццё. Многія творы Уладзіміра Весялухі раскіданы па розных выданнях. Бо ён пісаў не толькі вершы, але і педагагічныя артыкулы, рэцэнзіі на кнігі і падручнікі. Свае працы друкаваў у раённых выданнях Слоніма і Вялейкі, у “Настаўніцкай газеце” і ў іншай перыёдыцы.

Уладзіміра Весялухі няма сярод нас 14 гадоў. Ён рана пакінуў сваю сям’ю, землякоў, сяброў. Магчыма, пры жыцці паэт і педагог сабраў бы ўсё лепшае, ім напісанае, і выдаў бы асобным зборнічкам. Але гэтага ён не паспеў зрабіць. Тым не менш, творчая спадчына Уладзіміра Весялухі павінна быць сабрана і выдадзена. І гэта будзе найлепшай памяццю пра яго. І, магчыма, гэта некалі і будзе.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя