Пенсіянерку з Бярозы Алу Віцязь пакаралі двума гадамі “хатняй хіміі” за каментар у „Аднакласніках”



Старшыня Бярозаўскага суда Наталля Вакульчык па прапанове пракурора Аляксандра Круцько пакарала 59-гадовую пенсіянерку з Бярозы Алу Віцязь двума гадамі “хатняй хіміі” , выплатай 1000 рублёў “пацярпеламу” супрацоўніку Ганцавіцкага РАУС Ігару Вольнічу і аплатай каля 100 рублёў судовых выдаткаў.

Старшыня суда Наталля Вакульчык.

Нагодай для такога пакарання стала слова “казлішча” у каментары пад здымкам Вольніча ў “Аднакласніках”, нібыта напісанае Алай Віцязь.

На здымку Вольніч прымяняе удушаючы прыём, націснуўшы каленам на шыю ляжачаму на зямлі ўдзельніку акцыі, якога з двух бакоў трымаюць калегі Вольніча. Ала Віцязь віны не прызнала. Па яе словах, яна жонка ваеннага пенсіянера, сама 27 гадоў прапрацавала ў пазаведамаснай ахове Бярозаўскага РАУС, для яе пагоны – гэта святое.

Кажа пракурор Аляксандр Круцько:

– Віцязь здзейсненага злачынства не прызнала. І тлумачыла, што гэты каментар яна не пакідала і адпаведна гэтага злачынства не здзяйсняла. Абвінавачванне лічыць, што віна яе, нягледзячы на яе адмаўленне, цалкам даказана.

Паводле праваабаронцы Сержука Русецкага, у судзе не прагучала рэальных доказаў віны Віцязь. Сам Вольніч на суд традыцыйна не з’явіўся. У цывілізаваных краінах адсутнічае крымінальная і адміністрацыйная адказнасць за абразу службовай асобы, ёсць толькі грамадзянская адказнасць:

– Правы прадстаўнікоў улады ў нас абаронены больш, чым звычайных грамадзянаў. Хаця, згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, усе грамадзяне роўныя перад законам.

Ала Віцязь будзе абскарджваць рашэнне Бярозаўскага суда. Але, звычайна, абласны суд трымаецца адной лініі з калегамі.

Аліна Андрыевіч, Беларускае Радыё Рацыя