Перамога Чарнавуса: у Баранавічах навялі парадак



Амаль год спатрэбіўся грамадскаму актывісту Мікалаю Чарнавусу з Баранавіч, каб мясцовыя ўлады прызналі, што 10 гектараў зямлі паміж Лядовым палацам і вуліцай Дамашэвіцкай знаходзяцца ў непрыглядным, небяспечным стане і патрабуюць парадку. Такое рашэнне вынес мясцовы дзяржкантроль, куды таксама не раз звяртаўся са скаргай Чарнавус. Работа на гэтым участку закіпела адразу пасля выезду дзяржкантролю на месца, кажа Мікалай Чарнавус:

На днях апошні калодзеж закрылі і мяне носам ткнулі: «Мікалай Дзмітрыевіч, усе калодзежы закрытыя. А тое, што вы звяртаецеся ў Адміністрацыю прэзідэнта ці аблвыканкам, – так рабіць нельга, вы да нас звяртайцеся». А я куды звяртаўся?! Мне прыходзіў адказ, што мае факты не пацвярджаюцца. Сказалі, будзе парадак.

Гэтая мясціна з адчыненымі каналізацыйнымі люкамі, размешчанымі ў высокай траве і хмызняку, была небяспечнай як для дарослых, так і для дзяцей. Дзеці хадзілі па гэтым участку ў школу, у Лядовы палац і г.д., дарослыя – на работу. Цяпер гараджане могуць уздыхнуць з палёгкай.

Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы