Пераслед актывістаў у Дуброўне



Актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Дуброўны Віцебскай вобласці Наталля Стрэльчанка была затрыманая 25-га сакавіка а 6-й гадзіне раніцы. Міліцыянты паведамілі актывістцы, што ад яе патрабуюцца паказанні як сведкі па старой справе, і завезлі яе ў РАУС, хаця Стрэльчанка збіралася ў Менск на святкаванне 100-годдзя БНР. У будынку міліцыі жанчыне не адразу дазволілі патэлефанаваць сваякам і склалі пратакол за незаконную відэаздымку, хаця жанчына заяўляе, што яе ў той момант не вяла.

– Мяне даставілі ў міліцыю з нагоды таго, што ў мяне была напісана заява. Калі мяне адвезлі ў міліцыю, то там прысутнічала шмат супрацоўнікаў. Дастаўлялі мяне не праз галоўны ўваход у міліцыю, а гэта адбывалася ў 6 гадзін раніцы, а дастаўлялі праз дваровую тэрыторыю будынка. І калі мяне даставілі, то ў самім будынку мяне атачыла дзесяць супрацоўнікаў. І пры гэтым паведамілі, што на мяне будзе складацца пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне.

Жанчына правяла ноч у ізалятары часовага ўтрымання, хаця пакуль пражывае адна з двума няпоўнагадовымі дзецьмі. На раніцу ёй стала кепска, і суд перанеслі, прысуд стане вядомы пазней.

25-га сакавіка ў Дуброўне быў затрыманы яшчэ адзін актывіст АГП Міхаіл Чэмурака, якога 6 гадзін дапытвалі як сведку па справе аб камэнтарах у інтэрнэце. Пры гэтым сутнасць справы міліцыянты мужчыну не патлумачылі, а ягоная жонка, якая працавала ў Дэпартаменце “Ахова” і напісала скаргу на дзеянні міліцыянтаў, ужо 26-га атрымала апавяшчэнне пра сваё звальненне з працы.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя