Пераслед у Пінску



Увечары 25-га сакавіка позву ў міліцыю на нядзелю, 26-га сакавіка, атрымаў жыхар Пінска Дзмітрый Тарасюк, які стаў вядомы ў выніку зваротаў у дзяржаўныя органы з патрабаваннем спыніць трансляцыю расейскіх тэлеканалаў на Беларусь. Пасля гэтага праваахоўныя органы звінавацілі пінчука ў распаўсюдзе нацыстскай сімволікі праз Інтэрнэт і суд пакараў яго штрафам у памеры 5 базавых ды канфіскаваў кампутар.

Напярэдадні Дня волі міліцыя спрабавала патрапіць у хату да пінскага чальца Партыі БНФ Алеся Рамановіча. Як паведаміў актывіст для Радыё Рацыі, працяглы час міліцыянты знаходзіліся каля хаты, але пасля няўдалых спроб сышлі.

Нагадаем, што за некалькі дзён да 25-га сакавіка ў Пінску па 5 сутак арышту атрымаў актывіст Дзмітрый Сяргіевіч і Людміла Недзеявец, якая збірала подпісы за адмену сумнавядомага Дыкрэта №3 і 15 сутак арышту нехта Ігар Шаршун.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя