Ператрус у доме актывіста БНК з Гомеля



У прыватным доме гомельскага грамадскага актывіста Генадзя Падальніцкага адбыўся вобшук.

Увечары на прыватны падворак актывіста „Беларускага Нацыянальнага Кангрэса” Генадзя Падальніцкага прыйшлі аператыўнікі. Пра гэта паведамляе праваабаронца Алесь Яўсеянка. Сябра БХК гаворыць, што Генадзь Падальніцкі паспеў яму паведаміць, што сілавікі нібыта маюць санкцыю пракурора на правядзенне вобшуку.

Некалькі дзён таму Генадзь Падальніцкі быў ініцыятарам звароту ў Адміністрацыю прэзідэнта, у якім група грамадзян скардзілася на тое, што іх праблемы гадамі не могуць вырашыць гомельскія чыноўнікі. Па дзіўным збегу абставін адказ прыйшоў у той жа дзень, што і пачаўся ператрус.

Генадзь Падальніцкі – інвалід ІІ групы. Ён з’яўляецца актывістам „Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу” і грамадскай кампаніі «Народны кантроль», сябры якой змагаюцца з уладамі за свае маёмасныя правы.

Беларускае Радыё Рацыя