Першая Камунія ў Глыбокім



Трыццаць тры дзяўчынкі і хлопчыкі прынялі Першую Камунію (Прычасце) у касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім. Звычайна ў Беларусі гэтая дзея адбываецца напрыканцы траўня або ў пачатку чэрвеня. Глыбоцкія дзеці рыхтаваліся да яе два гады разам з бацькамі, святарамі і сёстрамі законнымі.

Для каталіцкіх вернікаў урачыстасць Першай Камуніі – радасная падзея не толькі для дзяцей, іх бацькоў і родных, але і для ўсёй парафіяльнай супольнасці, якая ў касцёле лічыцца адной вялікай сям’ёй.

Наколькі важная гэтая ўрачыстасць для каталікоў, распавядаюць вернікі Глыбокага:

Гэта было вельмі важна, бо гэта традыцыя. Нашы дзеці ўсе ходзяць да першай споведзі ў касцёл, нашы пляменнікі, старэйшы мой сын хадзіў. Гэта вельмі хвалююча для нас. Мы рыхтаваліся вельмі доўга, два гады хадзілі, вучыліся, пазнавалі і Біблію, і шлях Ісуса Хрыста, і малітвы вучылі.

– Мы прыйшлі да свайго хрэсніка Макара. Мы вельмі шчаслівыя, што Макар стаў на адзін крок бліжэй да Ісуса Хрыста. Мы жадаем яму, каб гэтае белае адзенне ён пранёс па ўсім сваім жыцці, быў вельмі добрым чалавекам і любіў Бога, а Бог заўсёды быў з ім побач.

– Важны для мяне гэты дзень. Вельмі! Бо я прымаю Хрыста ў сваё сэрца.

Напрыканцы служэння святары раздалі дзецям белы хлеб як сімвал адзінства, якім яны потым падзяліліся ў сем’ях з кожным чальцом сям’і.

Пасля прыняцця Першай Камуніі ў дзяцей пачынаецца  Белы тыдзень. Цягам яго яны ў святочных строях  штодзённа ўдзельнічаюць ў маёвых набажэнствах.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі