Першыя лісты з ізалятара



З менскага следчага ізалятара КДБ, а таксама ізалятара Міністэрства ўнутраных спраў пачалі прыходзіць першыя лісты ад затрыманых па так званай справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Так, жонка Андрэя Дундукова Ганна кажа, што яе муж як моцны, ваенны чалавек  нават сваю цяжкую сітуацыю  апісвае з гумарам:

– Ведаю, што ён, каб мяне з сынам падтрымаць, піша з гумарам: тут лепш, чым у арміі, добра кормяць. Але ён дагэтуль не разумее, што адбываецца. Думае, што ён там адзін, што толькі яго затрымалі. Не ведае, што адбываецца ў краіне. Напрыклад, піша, каб я паспрабавала забраць наш дарагі альпінісцкі рыштунак у сябра, а не ведае, што сябра таксама затрымалі.

Па словах Ганны Дундуковай, да яе мужа нарэшце пусцілі адваката. Яна таксама нагадала, што 31 сакавіка заканчваецца прадугледжаны законам 10-дзённы тэрмін затрымання да прад’яўлення абвінавачвання. Зараз па так званай справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў затрымана  ўжо 27 чалавек.

Ліст, які Андрэй адрасаваў сваёй жонцы і сыну:

«Прывітанне, мая любая маленькая дзяўчынка! Я моцна-моцна кахаю цябе!!! Так шмат думак круціцца ў галаве, што нават не ведаю, з чаго пачаць. Я не ведаю, чый стан цяпер цяжэйшы — твой ці мой… Бо з маім ўсё зразумела, першасныя рэчы мне дае ДЗЯРЖАВА:) Ёсць дзе жыць, даюць ежу (ежа, дарэчы, добрая, значна лепшая, чым даюць у войску, але да кавярні трохі недацягвае), а вось з вамі, для мяне, пакуль не зразумела. Табе трэба зарабляць грошы, плаціць за кватэру… і рабіць яшчэ шмат розных спраў… Трымайся, маё сонейка…».

«..Па вялікім рахунку, я тут як на навучанні ў МНС — чытаю, гуляю (праўда 1 гадзіну на суткі), ем і сплю!) Таму можаш лічыць, што я на навучанні, а не за кратамі. Нават лепей, бо тут сукамернікі ўсе з вышэйшай адукацыяй — інтэлігенты».

«…На самай справе, пакуль мне нічога не зразумела. Быў толькі адзін допыт. На ім прысутнічаў адвакат. Адвакатка шчэ тая цаца — кажа, каб я пісаў лісты на сустрэчу з ёй. Я як даведаўся, колькі каштуюць яе паслугі, адразу захацеў быць адвакатам. Ты ёй заплаціла за пару гадзін працы амаль столькі, колькі я зарабляю за месяц! (Не крыўдуй за крамзолі, тут складана знайсці месца на чым пісаць)…».

«…Шчыра кажучы, я падрыхтаваўся да горшага, да трох год пазбаўлення волі… бо дужа здзівілі пытанні, што задаваў следчы. І таму што адвакатка сказала, што трэба трымацца. За сябе няма хвалявання зусім…».

«…Ты проста не ўяўляеш, як я сумую па вас… Тут ноччу гарыць святло, і праз гэта амаль усю ноч сняцца сны… Дужа часта прачынаюся ў бусіку або побач з табою ў ложку і думаю, што АМЕРЫКАНКА — гэта быў проста сон. Але, на вялікі жаль, пакуль усё наадварот».

«… Як там Мірычак??? Для мяне зараз самая балючая думка, што я мала гуляў з ім. І з галавы не выходзяць яго словы «ТАТА, ПАГУЛЯЙ СА МНОЙ…»… Памятаеш, казаў, што зайздрошчу хлопцу, які звольніўся з МНС. Дакладней, трошкі нават зайздросціў. Зараз мяне чакае такі самы лёс ))) Ведаючы нашых камандзіраў, думаю, што звольнілі, як толькі даведаліся пра затрыманне. Дарэчы, ты ж хацела, каб я на камерцыйнай аснове ў горы хадзіў. ЗАРАЗ БУДЗЕ ТАКАЯ МАГЧЫМАСЦЬ…».

«…Не ведаю, ці паведамляюць родным пра ход следства. Мяне змясцілі пад варту і будуць трымаць у СІЗА КДБ. Тэрміны ўтрымання не напісаныя ў пастанове. Сукамернікі кажуць, што тэрмін 2 месяцы, але можа падаўжацца шмат разоў. Ёсць такія, што ўтрымліваюцца па 22 месяцы».

«…Я ўжо шостыя суткі тут, і да гэтага мне сніліся і ўзгадваліся толькі нейкія рамантычныя выпадкі жыцця з табой. …Тут усе лісты чытаюць, таму хай нашае асабістае застаецца толькі нашым. Не трэба рабіць, каб супрацоўнікі чырванелі…».

«…Сёння хадзілі ў душ. Каб не падчапіць грыбок, замест сланцаў на ногі нацягнуў два пакункі з цыгарэт. Што толькі не прыдумаем. Схадзіў таксама сфатаграфавацца для асабістай справы ў СІЗА. Вось думаю, трэ’ папрасіць на пошту скінуць фотак».

«… Дарэчы, не куры! І пачынай трэніравацца, бо як выйду, па-любому паедзем у горы!!! А для гэтага трэба мець моцныя ногі. Пройдземся па трох вадаспадах, а мо і на якую горку няцяжкую залезем…». 

«…Трымайся, сонейка, трымайся. Я разумею, што табе зараз цяжка. Не саромся прасіць дапамогі ў сяброў. Бо сама ўсё не зробіш. Думаю, людзі павінны зразумець маё становішча. Прабач мне… Прабач, што не магу быць побач… Што не магу ні чым дапамагчы, а яшчэ сам стаў цяжарам. Я ведаю, што ты моцная і павінна справіцца. Добра, што Мірычак ужо не маленькі і шмат чаго разумее. Я моцна-моцна вас люблю!»

«Абдымі і пабусяй Мірычка ад мяне! Паглядзі на ютубе ролік, як рабіць самалёты з паперы, і зрабі з майго ліста Мірычку самалёцік. Скажы яму, што я перадаў».

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск