Першыя выпадкі COVID-19 зафіксаваныя ў Лідзе і Мастах



Першыя выпадкі каранавірусной інфекцыі COVID-19 зарэгістраваныя ў Лідзе і Мастах, паведаміў БелаПАН галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Гарадзенскай вобласці Мікалай Кендыш.

Паводле яго слоў, у Мастах гаворка ідзе пра студэнтку, якая, верагодна, прывезла гэтую інфекцыю з Берасцейсккай вобласці.

Агульную колькасць выпадкаў захворвання каранавіруснай інфекцыяй ў рэгіёне Кендыш не назваў, прапанаваўшы ўдакладніць гэтыя даныя ў Міністэрстве аховы здароўя.

Ён паведаміў, што ў Гарадзенскай вобласці ачунялі тры чалавекі: жанчына, якая прыехала з Італіі, дальнабойшчык, які прыехаў са Швецыі, і прадпрымальнік з Іўя.

Як адзначыў Кендыш, прыблізна 2 тысячы чалавек у рэгіёне знаходзяцца ў самаізаляцыі. Іх правярае міліцыя, некаторым ужо выпісалі пратаколы з-за таго, што іх не было дома ў перыяд самаізаляцыі.

„Працуем як у складаных умовах эпідэміялагічнай сітуацыі. Мінімальную нагоду мы прафілактуем, у тым ліку па пад’ездах, па грамадскіх месцах, па гандлі, па грамадскім харчаванні. Па ўсіх напрамках, па ўсіх аб’ектах сацыяльных, асабліва там, дзе ёсць пажылыя, праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы: ранняе лячэнне і ізаляцыя”, — паведаміў галоўны санітарны ўрач Гродзенскай вобласці.

Ён удакладніў, што 15 расейцам у Астраўцы, якія тыдзень таму былі шпіталізаваныя з падазрэннем на каранавірусную інфекцыю, будзе арганізаванае чарговае тэставанне, бо папярэднія тэсты паказалі супярэчлівыя вынікі.

Як паведаміў 9 красавіка міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, адказваючы на пытанні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, з будоўлі Беларускай атамнай электрастанцыі з-за каранавіруса былі шпіталізаваныя прыблізна 100 чалавек.

belapan.by