Першыя заняткі партыйнай школы імя Чарнова ў Бярозе



Нягледзячы на перашкоды з боку ўлады, у Бярозе пачала праводзіць заняткі партыйная школа грамадзянскай адукацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі імя Віктара Чарнова. Выкладчыкі партыйнай школы на высокім узроўні знаёмілі людзей з тэхналогіямі выбарчых кампаній, а таксама вучылі  матывацыі і пазітыўнаму мысленню падчас камунікацый у грамадстве, што, безумоўна, карысна не толькі для палітыкаў, але і для звычайных грамадзян. Кажа выкладчык школы, сябра  палітрады партыі Аляксандр Дабравольскі:

– Галоўная задача гэтай школы – даць магчымасць тым людзям, якія хочуць пераменаў, выкарыстоўваць веды, якія можна выкарыстаць, каб наблізіць гэтыя перамены. Мы ўжо маем шматгадовы досвед, тэхналогіі, якія распрацоўваліся, і ёсць людзі, якія могуць гэтым падзяліцца. Мы хочам, каб актывісты (не толькі нашай партыі)  сталі больш эфектыўнымі.

Прысутным на занятках спадабаліся не толькі лекцыі, але і трэнінгі. Менавіта яны ажыўлялі заняткі, разнявольвалі слухачоў і дазвалялі на практыцы засвоіць і ўдасканаліць тэорыю.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза