Пестыцыды са Слонімшчыны вывезуць вясной 2015 года



310 тон тон сумесяў непрыгодных пестыцыдаў, якія адносяцца да стойкіх арганічных забруджвальнікаў, вывезуць і ўтылізуюць са Слонімскага раёна вясной 2015 года. Аб гэтым паведаміў кіраўнік праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Павышэнне патэнцыялу ў галіне адносін з непрыгоднымі пестыцыдамі” Юрый Салаўёў. Па яго словах, вываз пестыцыдаў будзе арганізаваны ў рамках праектаў Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (FAO) і Еўразаюза. Цяпер ідзе праца па падпісанню з падрадчыкам кантракту аб вывазе з тэрыторыі Слонімскага раёна адходаў хімікатаў для ўтылізацыі.

Нагадаем, што гэтыя пестыцыды, якія праляжалі каля 40 гадоў у магільніку каля Слоніма, складзіравалі некалькі гадоў таму ў вёсцы Мізгіры Слонімскага раёна. Спачатку яны ляжалі ў бочках пад адкрытым небам, а потым гэтыя бочкі паставілі ў былыя кароўнікі. Але адтуль і сёння ідзе непрыемны пах. Жыхары мясцовых вёсак Слонімскага і Пружанскага раёнаў сёлета і летась звярталіся ў розныя істанцыі, каб як найхутчэй з Мізгіроў вывезлі атруту. І яе, мажліва, вывезуць у наступным годзе.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара.