Пецярых затрыманых па „пінскай справе” этапавалі з баранавіцкага СІЗА ў Пінск



Пецярых з васьмі затрыманых напрыканцы сакавіка жыхароў Пінска этапавалі з баранавіцкага СІЗА №6 у пінскі ізалятар часовага ўтрымання. Гэта ўжо другая група пінчукоў, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў “масавых беспарадках” уноч з 9-га на 10-е жніўня, каля будынка Пінскага гарвыканкама. 

Вядома, што аднаго затрыманага па стане здароўя пакінулі ў Баранавічах, – адзначае праваабаронца Алесь Рамановіч:

– Наколькі я ведаю, адзін з іх застаўся ў Баранавічах па стане здароўя – рак скуры, здаецца. Ён да затрымання яшчэ праходзіў курс тэрапіі тут у Пінску. Астатніх прывезлі ў Пінск. Тут ужо будзе прад’яўляцца абвінавачанне. І разглядацца судовая справа будзе, напэўна, у Берасці.

Суразмоўца дадае, што складана назваць дакладную лічбу пінчукоў, якіх затрымалі ў канцы сакавіка, бо не ўсе сем’і ідуць на кантакт з прадстаўнікамі грамадскасці. Шэсць чалавек заявілі пра сябе ды ўжо атрымалі статус палітвязняў, вядома і яшчэ пра двух. 

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Тут.бай