“Петыцыя аб пазачарговай пераатэстацыі пінскіх міліцыянтаў ужо падзейнічала”



“Петыцыя аб пазачарговай пераатэстацыі пінскіх міліцыянтаў ужо падзейнічала”, – кажа старшыня Пінскай гарадской арганізацыі сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Вераніка Іванова. Збор подпісаў на сайце petitions.by будзе трываць яшчэ дзень.

Некаторыя сілавікі адмовіліся заяўляць кампенсацыі ў судзе ў межах “пінскай справы”:

– Першы эфект, які мы атрымалі, гэта тое, што ўвесь пінскі дэпартамент аховы адмовіўся ад заяваў і зыскаў, то бок яны сказалі, што нягледзячы на тое, што ў аднаго разбіта галава, у другога зламаны зуб, гематомы. Яны сказалі, што гэта іх службовы абавязак, што гэта іх частка працы і яны не адчувалі пакут. Па меншай меры, у людзей ёсць сумленне, у людзей ёсць усведамленне свайго прафесійнага абавязку і нейкая мужчынская чалавечая годнасць. То бок гэта ўжо першы эфект.

Петыцыя – гэта рэакцыя пінчукоў на словы міліцыянтаў, якія паведамілі ў судзе, што ім было страшна падчас разгону мітынгу ў першую паслявыбарчую ноч. Пацярпелымі прызнана 109 міліцыянтаў, з іх каля 70 усё ж маюць намер спагнаць з пінчукоў-палітвязняў маральную кампенсацыю. На сёння агульная сума вагаецца ў межах 420 тысяч рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя