Петыцыя супраць спробы забараніць інфармацыю пра ЛГБТ



Яна ўзнікла ў якасці адказу на петыцыю аб забароне прапаганды і публічнай дэманстрацыі гомасексуалізму, якая сабрала 52800 подпісаў.

Таму і была зроблена спроба данесці да ўладаў і грамадства, што ёсць і іншы погляд, кажа Наталля Манькоўская, праваабаронца з ініцыятыўнай групы «Ідэнтычнасць і права»:

– Ёсць не толькі тая пазіцыя, што хтосьці хоча забараніць нейкую ЛГБТ-прапаганду, а ёсць пазіцыя тых людзей, якіх гэта датычыць наўпрост, чыё жыццё і інфармацыя аб чыім жыцці хочуць забараніць. То бок мы не абвяргаем права людзей збіраць подпісы пад чым заўгодна, у дэмакратычным грамадстве гэта магчыма, але тут ідзе спроба закрыць камусьці рот. І камусьці – гэта мы, гэта жывыя людзі. І гэта петыцыя – наша слова супраць.

«Ідэнтычнасць і права» таксама адзначае, што петыцыя аб забароне прапаганды ЛГБТ – гэта спроба зрабіць рэлігійныя дагматы заканадаўчымі актамі. Кажа ЛГБТ-актывістка Дар’я Трайдэн:

– Гэта будзе значыць забарону абортаў, забарону кантрацэпцыі, забарону скасавання шлюбу, забарону ЭКО. Таму ЛГБТ стануць першымі ахвярамі, бо да нас нянавісць ужо існуе, і распаліць яе да больш яркага полымю прасцей, чым, напрыклад, да людзей, якія не рэгіструюць свой шлюб ці пабраліся другім шлюбам, гэта цалкам магчыма.

На дадзены момант петыцыя «супраць спробы забараніць інфармацыю пра ЛГБТ» сабрала 3274 подпісы.

Беларускае Радыё Рацыя