Пікет супраць Слонімскай пракуратуры і міліцыі
У пятніцу, 22 чэрвеня, сябры Слонімскай Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Алесь Масюк і Іван Бедка падалі заяўку ў Слонімскі райвыканкам на правядзенне пікета, які запланаваны на 8 ліпеня.
Па словах Алеся Масюка, мэта будучага пікету – гэта выказаць пратэст супраць Слонімскай пракуратуры і Слонімскага РАУС, якія да сённяшніх дзён не прынялі ніякіх, прадугледжаных законам мер, па расследаванню фальсіфікацыі падчас выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў (18.02.2018.) на Незалежным выбарчым участку №10 г.Слоніма.
Як адзначыў Іван Бедка, у дзень выбараў Алесь Масюк і яго давераныя асобы былі пазбаўлены магчымасці назіраць за падлікам галасоў. Па распараджэнні старшыні камісіі Юнга Т.В. была ўстаноўленая загароджа, каб не дапусціць назіральнікаў да стала падліку. А калі завяршыўся падлік галасоў, былі вывешаны копіі выніковых пратаколаў з 13 подпісамі членаў участковай камісіі. Хаця ў дзень выбараў і пры падліку галасоў прысутнічалі толькі 12 членаў камісіі. Акрамя гэтага, у графе супраць усіх, была ўказана лічба – 21 чалавек. Пазней стала вядома, што старшынёй участковай выбарчай камісіі Юнга Т.В. была здзейснена наглая падробка – у раённую выбарчую камісію накіраваны пратакол з іншымі лічбавымі звесткамі і іншай колькасцю подпісаў членаў камісіі. У пераробленым пратаколе ў графе супраць усіх было ўказана 126 чалавек, а подпісаў членаў камісіі ўжо не 13, а стала 12, паведамлялася, што адзін з сяброў участковай камісіі „захварэў”, але калі ён паспеў захварэць так і не высветлена.
У сувязі з гэтым, экс-кандыдат у дэпутаты Алесь Масюк ужо некалькі разоў звяртаўся ў пракуратуру Слонімскага раёна і пракуратуру Гарадзенскай вобласці з заявамі пра здзяйсненні старшынёй участковай выбарчай камісіі Юнга Т.В. самых сапраўдных злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 191 і 192 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Пракуратурамі Слонімскага раёна і Гарадзенскай вобласці заявы Алеся Масюка накіроўваліся ў Слонімскі раённы аддзел унутраных спраў і абласное ўпраўленне з указаннямі правесці праверку з прыняццем рашэння ў парадку артыкула 174 КПК Рэспублікі Беларусь.
Але органы ўнутраных спраў ўказанні пракуратур не выконвалі, а перасылалі заявы пра фальсіфікацыі ў розныя выбарчыя камісіі. Выбарчыя камісіі, не маючы паўнамоцтваў на прыняцце рашэння па заявах па крымінальных злачынствах, давалі адпіскі, не абцяжарваючы сябе аспрэчваннем доказаў гвалту і падробкі дакументаў.
На днях, пасля чатырох месяцаў перапісак, Алесь Масюк атрымаў з пракуратуры Гарадзенскай вобласці „выніковы” дакумент з якога бачна, што пракуратура адмаўляецца ад нагляду за законнасцю і рэагавання на заявы пра злачынствы на выбарах.
Як лічыць Алесь Масюк, прыведзеныя ім факты пра здзяйсненні злачынстваў падчас выбараў, ніхто аспрэчыць не можа. Праваахоўныя органы выдатна разумеюць, што ў дадзеным выпадку адназначна трэба ўзбуджаць крымінальную справу, але чамусьці не ўзбуджаюць. Такім чынам, пракуратура і міліцыя фактычна пакрываюць беззаконне, адмаўляючыся праводзіць праверку здзейсненых злачынстваў падчас выбараў. Таму супраць Слонімскіх пракуратуры і міліцыі ў Слоніме плануецца наладзіць пікет.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя
