У Менску прайшла акцыя салідарнасці з палітвязнямі



Некалькі дзясяткаў чалавек сабралася на Кастрычніцкай плошчы сталіцы, дзе адбылася несанкцыянаваная акцыя салідарнасці з 14 палітзняволенымі па “справе патрыётаў”, што застаюцца пад вартай на Валадарскага ў ізалятары КДБ. А таксама з палітвязнямі Дзмітрыем Паліенкам ды Міхаілам Жамчужным.  

Ідэя правядзення належала каардынатару грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Максіму Вянярскаму.

На расцяжках і плакатах напісана – “свабоду палітвязням”, “ШОС”, “Чаму нельга прыслухоўвацца да народа, а трэба арыштоўваць і ціснуць?!”

Сімптаматычнае і тое, што у дзень акцыі ў Менску адбылося пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў краін Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы, якім удзельнікі падалі сігнал аб праблемах з захаваннем правоў чалавека ў краіне, што зараз старшынствуе. Тым часам, у Следчым камітэце паведамілі, што прынялі да разгляду “справу патрыётаў” ад следчых КДБ.

 

* * * 

На Кастрычніцкай плошчы ў Менску пачынаецца несанкцыянаваная акцыя ў падтрымку палітычных зняволеных.

Яе анасаваў актывіст Еўрапейскай Беларусі Максім Вінярскі і ўхваліў Беларускі нацыянальны кангрэс.

З месца падзей перадае карэспандэнт Беларускага Радыё Рацыя Віталь Сямашка:

– Вонкава Кастрычніцкая плошча пакуль пустая, хоць міліцыянты праз мегфон папярэджваюць пра несанкцыянаванасць мерапрыемства людзей, якія збіраюцца.

Я налічыў два аўтазакі і некалькі аўтобусаў. Заўважыў людзей ў бел-чырвона-белых самбрэра і ў амерыканскіх зоркава-паластаых майках. Сустрэў праваабаронцу Валерыя Шчукіна, які сказаў, што ён „як звычайна  – на пасту”. Дзве сімптаматычныя рэчы суправаджаюць сённяшні пікет – гэта тое, што сёння гадавіна пачатку Вялікай айчыннай вайны, як яе назвалі ў СССР, а зараз адбываецца вайна супраць суайчыннікаў, за кратамі зараз знаходзіцца 14 чалавек, а таксама Дзмітрый Паліенка і Міхаіл Жамчужны. І сімптаматычна таксама тое, што днём прайшло пасяджэнне міністраў замежных спраў  краін Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы. І ўдзельнікі акцыі збіраюцца падаць міністрам замежных спраў сігнал аб праблемах з захаваннем правоў чалавека ў краіне, што зараз старшынствуе ў Ініцыятыве.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара