Пікетоўца затрымала «хуткая» і завезла ў шпіталь



Удзельніка пікета „затрымалі” работнікі хуткай дапамогі. Яны адвезлі грамадскага актывіста ў бальніцу. Пікет спрабаваў правесці ў Светлагорску 25-га лістапада інвалід першай групы Юрый Ляшэнка.

Такім чынам ён спадзяваўся звярнуць увагу грамадскасці і ўладаў на праблемы інвалідаў. Аднак як толькі на цэнтральнай плошчы мужчына паспрабаваў разгарнуць плакат, яго аператыўна „затрымалі” работнікі хуткай дапамогі. Актывіста ў літаральным сэнсе аднеслі ў машыну хуткай разам з інваліднай каляскай.

Ляшэнка апынуўся ў раённай бальніцы, дзе яго апытала міліцыя. Нагадаем, грамадскі актывіст планаваў правесці пікет 22 лістапада ў цэнтры Светлагорска. Аднак мясцовыя ўлады не далі на гэта дазвол. Тады Юрый Ляшэнка рашыўся на правядзенне не-санкцыянаванай акцыі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота telegraf.by